Прачнуцца ў Венецыі

Эмілія-Раманья     Pinoletto      Доца      Сыр Парміджана-Рэджана      Чэзэнаціка      Мора     Леанарда да Вінчы      Рэнесанс      Музей старажытных караблёў      Скарына      Падуя      Венецыя      Лес        Кактэйль Aperol Spritz     
Сан-Марка      Мода      Тэатр      Гандальеры       Маскі       Колер      Муранскае шкло      Санта-Лучыя      Мэстрэ     
Экспазіцыя.
З чаго пачаць, калі ты падобны пузатаму чамадану, у якім смакі, колеры, пачуцці змяшаліся ў адно цэлае? А хочацца ж расказаць, зацягнуць у сваю секту, каб недзе на сярэдзіне тэксту, рукі самі таго не ведаючы, пайшлі шукаць квіткі на бліжэйшы рэйс да Італіі. Таму чамадан успамінаў буду адкрываць асцярожна, каб якая-небудзь гісторыя пра Парміджана-Рэджана не стала той апошняй шкарпэткай, што вырве замкі і абрушыць на чытача паток эпітэтаў, як жа ў Італіі цікава і хораша. Але што мусіць быць першым? Абавязкова пачынаць з таго, як мы прыляцелі, а можа з сярэдзіны?

Завязка.
У Італіі нас напаткаў страйк. Звычайны, працоўны і як бы цудоўна, што людзі дамагаюцца сваіх правоў. Толькі ў Венецыю з-за яго нічога не ехала. Мы стаялі па сярэдзіне чыгуначнага вакзалу ў Ферары і назіралі, як на экране-табло нашыя планы перакрэсліваюцца літарамі словаў «канчелато». Што рабіць, куды падацца бацькам з двума дзецьмі ў незнаёмым горадзе? Броні гатэляў, новыя фінансавыя затраты і ўрэшце змарнаваны час, які нам ніхто не кампенсуе.
- Шэф, усё прапала!
Кульмінацыя.
На платформу выязджае цягнік, якога не было ў раскладах і пра які маўчалі абвесткі па станцыі. Ён адзін, яго не мусіла быць, гэта нейкі чыгуначны пазарэйсавы чартар, куды мы ўскокваем без квіткоў, з пагрозай на вялікія штрафы - нам трэба ў Венецыю.
- Мы не маем віны!
На нервах, без месцаў, у тамбуры з чамаданамі, галоўнае - едзем. Толькі гэта не ўсё: як высвятляецца, цягнік ідзе з Неапалю і ты такі думаеш: вось ён сімвал-масток з мінулагодняй паездкі ў Кампанію, дзе Carpe Deum (лат. “жыві сёння”), а сёння мы едзем у Венецыю. З гэтага і пачну.
- Граці, Неапаль, чао, Венецыя.

***
- Вашы правы, страхоўку.
- Вось, калі ласка.
- Выпівалі?
- Толькі адзін келіх к’янці.
- Tignanello 2014 году?
- Разбіраецеся.
- Я ў гэтым эксперт. 15 гадоў у дарожнай паліцыі.
- А як жа не выпіць за абедам у Марка? Бывалі ў Марка?
- Так, добры стэйк.
- Я і бачу - гурман. Не проста стэйк, а к’яніна з Тасканы - ф’ярэнціна.
- З крывёю?
- Сярэдняй пражаркі.
- Са стэйкам усё ж лепш піць Tenuta San Guido 2012 году.
- Яно дарагое.
- Не даражэй за штраф.
- З паліцыяй цяжка спрачацца.
- І не трэба. Зараз проста праязджайце, але праз тыдзень вярніцеся і пакаштуйце ф’ярэнціну пад Tenuta San Guido 2012 году. Раскажаце.
Людзі
Чаму мы ўжо каторы год запар едзем у Італію? Ну як не ехаць, калі там чвэрць сусветнай культурнай спадчыны? Ехаць! Італьянцы смачна гатуюць, любяць футбол, шыюць прыгожую вопратку і ўрэшце ўмеюць жыць з асалодай.
- Падзеліцеся досведам!
А яшчэ паўсюль цёплае мора, куды ні сунься, яно будзе побач. Увогуле значна цяжэй знайсці прычыну, чаму выбіраць не Італію. Убачыць новую краіну? Так на Апенінах кожны рэгіён па самабытнасці і непадобнасці – гэта дзяржава ў дзяржаве – глядзець, не перагледзець. Але ёсць яшчэ адзін аргумент, які ўсведамляеш толькі постфактум. Няхай прагучыць пафасна, але Італія найперш – гэта людзі. З імі цікава ў момант, а паслясмак, як ад добрага віна, доўжыцца доўгую зіму. Знаёмцеся.
Святлана
Кожны мае права на выбар. Святлана выбрала Італію. Не проста выбрала, яна зразумела сутнасць краіны – прыгажосць. Bella. Яна ў смаку ежы. Святлана можа гадзінамі распавядаць пра рознасць гатункаў прашута і тлумачыць адметнасць воцату з Модэны. «Дадайце кроплю такога воцату на пармезан ды пад чырвонае сухое». Яна частуе гэтым усім, бянтэжыць сочывам з цыбулі. Bella. Дзеліцца ўспамінам, як упершыню пакаштавала Sangovese Riserva Umberta Cesari і захапілася ідэяй пачаць разбірацца ў віне: чуць парэчку, шакалад і яшчэ сотню адценняў. Bella. Святлана па-італьянску гасцінна. А што такое італьянская гасціннасць? Гэта калі гатэль у Фларэнцыі не бярэ грошы, калі ты з’язджаеш раней. Гэта калі ў Мілане не паспяваеш на самалёт і табе даюць бясплатны квіток на наступны рэйс і купоны на ежу ў рэстаран. Гэта калі на пляжы ў сына здуецца мяч і незнаёмы італьянец дорыць новы. Гэта калі ў рымскай рэстарацыі не бяруць аплату за вячэру на чацвярых - падарунак. Гэта калі ў Балоньі дзеля цябе адкрываецца бар, што працуе з 1463, толькі ў той момант ён на вакацыях, але ты там і цябе частуюць віном. Пра бясплатны цягнік з Ферары ў Венецыю вы ўжо чулі. Страйк страйкам, але мы мусілі заплаціць штраф ці розніцу ў класе квіткоў. Гасціннасць нават не столькі ў бескарыснасці, а ў адчуванні, што людзі дзеляцца нечым добрым і пазітыўным: проста так, як бацькі з дзецьмі, як месэдж, што ты свой - мы ж проста сябры. Гэта здзіўляе, бянтэжыць і я баюся калі-небудзь атрымаць за ўсё гэта рахунак, але не магу не захапляцца і не любіць гэтых прыгожых людзей.
***
- Здзівіце чым-небудзь!
- Вы пілі Pinoletto?
- Смачнае нешта?
- Белае віно сярэдняй газацыі, дзе корак не ўтрымліваецца дротам, як у шампанскага, а ідзе вінны, звычайны. Урэшце мала газаў - менш шуму потым будзе ў галовах.
- Pinoletto? Будзе віном нашага лета?
Парцыёны апарат віна

Парцыёная вінная шафа
Свярбіць
Вандруеш, параўноўваеш. У Італіі жыве 60 мільёнаў, у Беларусі – 10. Пры беларускіх тэндэнцыях і тэрыторыі ў 1,5 разы большую за нашу італьянскія гарады мусілі б быць аграмаднымі, але калька з нашых рэаліяў не спрацоўвае. Большасць італьянцаў жыве ў маленькіх гарадах і вёсках: толькі Рым, Мілан і Неапаль маюць насельніцтва большае за мільён і лік там зусім не на дзясяткі, а на дробныя 2-3 мільёны.

Калі едзеш на машыне па Італіі, паўсюль назіраеш актыўнасць. Няма такога, каб шматкіламетровыя сельскагаспадарчыя палі цягнуліся ледзь не на гадзіну і потым бачыў адзінокую вёсачку. Замест гэтага ёсць шчыльнае суседства вёсак з невялічкімі прадпрыемствамі у атачэнні палёў вінаграду і, напрыклад, грушаў.

Быў час італьянцы масава эмігравалі ў тую ж Амерыку, але ў самой краіне урбанізацыі не адбылося. Вёска стрымала не толькі фізічна, яна не згубіла пульс жыцця. Нашу сяброўку Таццяну, калі яна выходзіла замуж за італьянца, перспектыва змены беларускай сталіцы на італьянскую вёску спачатку пужала. Зараз Таццяна запэўнівае, што на сваім хутары мае ўсё, што мела ў Мінску: гіпермаркет, цырульні, пякарні, у крокавай дасяжнасці некалькі бараў і ніякага адчування, што яна кінутая пад пякучым сонцам на краі свету ніколі не ўзнікала. Прынамсі, ёсць аўтамабіль на выпадак, калі засумуе па гарадскім шуме ці захоча наведаць які канцэрт.

- Нешта ты сёння не выспалася, Таня.
- Ну так усю ноч слухала сімфонію ў выкананні цыкадаў, жабы-быка і фазанаў.
- Што, падабаюцца гукі прыроды?
- Вельмі, калі б не пад вокнамі і можна было паляваць.

Параўноўваем, вандруем. Італія, як добра скроены строй ад куцюр. Замер па фігуры і першыя сцежкі-наметкі рабілі старажытныя рымляне. Іх шырокія сеткі дарог забяспечылі гандлёвыя і адміністратыўныя сувязі, сістэма акведукаў прынесла людзям ваду. Касцюмчык атрымліваўся годным, але ўжо ў сярэднія вякі Рафаэлю, Мікеланджэла і да Вінчы ў ім стала цесна і душна. Яны перашывалі гузікі, перакройвалі, бывала, закраналі спадчыну, але пыл Сярэднявечча быў выбіты. Ужо потым той час назавуць Рэнесансам, але менавіта гэты тэрмін характарызуе сутнасць жыхароў Апенінаў – здольнасць аднаўляцца. Колькі разоў не гарэў бы венецыянскі оперны тэатр, ён ізноў будзе адноўлены. Аднавілася Італія і пасля сусветнай вайны, яе эканоміка знаходзіцца ў першай дзясятцы, а ў інжынернай і мастацкай сферах яна як заўжды з найгалоўнейшых у Свеце.

Італьянцы ўвесь час неяк варушацца, у нас пра такіх кажуць – свярбіць. А зараз паглядзіце, што ў нас па-за МКАДам. Усё паціху спустошваецца, адной інфраструктуры дарог і наяўнасць жытла, відаць, недастаткова. Не свярбіць. Відаць, ёсць нешта большае за формулу «праца і дом»? Дзе буцікі, бары і астатняе, што неабходна сучаснаму чалавеку? У чым наш Рэнесанс? Перабрацца праз Мінск за мяжу, а тутэйшым толькі захоўваць бацькоўскі дом? Можа лепш шукаць і спрабаваць? Як, напрыклад, зрабілі ў невялічкім горадзе Доца, куды мы едзем з экскурсіяй.
Ружы
- Мала ім прыгожых вінаграднікаў, яны яшчэ па краях садзяць ружы.
- А ты думаеш, ружы для прыгажосці?
- А для чаго? Ну не шыпамі жа злодзеяў пужаць. Лепш збіраеш такі вінаград, а тут побач цыганка-малдаванка і ты зразаеш ёй ружу. Сіньёр!
- І атрымліваеш па руках ад уласніка вінаграду.
- Скнара?
- Можа і скнара, але ружа на палях мае практычнае прызначэнне. Калі вінаград нечым захворвае, першыя прыкметы хваробы праяўляюцца на ружах, а потым ужо на лазе. Своеасаблівы тэст-папярэднік атрымліваецца.
- А як жа цыганка-малдаванка?
- Шмат балбочаш, збірай давай!
- Дык я ж турыст?
- А, тады міласці просім, дарагі госць!
ружы
Доца
Да сярэдзіны мінулага стагоддзя Доца быў тыповым сярэднявечным горадам Эміліі-Раманьі. Гэтая канешне не стандартызаваная тыповасць познесавецкага Мапіду, але наяўнасць абарончага мура, замка і брукаванкі не рабілі яго надта адметным на апенінскім ландшафце. Тым жа турыстам патрабуецца большае: яны ўжо накармілі вочы вежамі ў Балоньі, памацалі фігуру Джульеты ў Вероне. Ім, як малым, падавай новыя цацкі, інакш засумуюць і з’едуць на мора. Але чым іх здзівіць, Діснейлэнд вось так не пабудуеш і як быць са спадчынай? Тут прыклад італьянцаў своеасаблівы: яны хоць і любяць гісторыю, жыць цалкам мінулым не надта жадаюць. Напрыклад, дазваляюць дзецям лупіць мячом аб сцены касцёлаў, а за графіці на гістарычных будынках нават у Венецыі не караюць, бо жыццё працягваецца і раптам з’явіцца яшчэ адзін Мікеланджэла? Наш чалавек сказаў бы, што такога там шмат і адсюль гэткая смеласць, я б пагадзіўся, толькі як Венецыі можа быць шмат? Тут нешта іншае.
- Бабуліну шафу мы пакідаем, пыл прыбярэм.
Dozza

Нечым падобным кіраваліся і ў гарадку Доца, калі аддавалі сцены дамоў пад галерэю мастацтва. Першая фрэска, як спроба, датуецца 1956 годам, але ідэя хутка ўсіх захапіла і з таго часу раз у 2 гады пад патранажам балонскага Museo d’Arte Moderna праводзяцца біенале. Мастакі вольныя выбіраць свае ўласныя тэмы, а жыхары ўзгадніць ці адмовіць. Цэнзура! Напэўна. Так сярэднявечны горад ператварыўся ў сучасны Citta d’arte, дзе творы пачынаючых мастакоў суседнічаюць з ужо прызнанымі майстрамі Раберта Матэі, Рэма Брындызі, Норма Маселані і Канчэта Поцаці. Не чулі такіх? Я таксама, верым на слова.

Страціў ад гэтага эксперыменту нешта горад? На мой погляд, не. Замак стаіць, дзе і стаяў, мясцовыя вінаробы папулярызуюць свае гатункі, а турысты візітамі толькі падкрэсліваюць важнасць месца. Спадчына не разбурылася, яны атрымала новае прачытанне разам з новым мастацтвам. Каго зараз здзівіш мураламі? Толькі рашэнне прымалася 60 год таму і закранала не шэрыя «панэлькі» савецкіх дамоў, а сярэднявечную архітэктуру. Горад Доца варты візіту, хаця б для таго, каб падумаць над слушнасцю жоўтых вазаў у цэнтры беларускай сталіцы.




Парміджана-Рэджана
Пра сыр “Пармезан” чулі ўсе. Маглі не купляць, не каштаваць, але каб не ведаць зусім - гэта наўрад ці. Прынамсі, гэта той прадукт, які суседняя краіна забараняла ў адказ на эканамічныя санкцыі. Вось ён хрыбет, вось на чым трымаюцца імперыялісты. Не чулі? Пра гэта ж казаў тэлевізар:
Забараніць пармезан і хамон! Гамон праклятушчаму Захаду!
Ёсць яшчэ сыр айчыннай вытворчасці, што з камерцыйнай логікі вырашылі называць пармезанам, але атрымалася як у анекдоце:
- Вы чулі, як спявае Каруза? - Так, мне Рабіновіч напеў.
Не пармезан. Самы просты тэст на “пармезанскасць”: сапраўдны - ён крохкі, як хлеб, наш ледзь не намазваецца. Падабаецца? Справа не ў густах, але выкарыстанне чужога брэнду ёсць комплекс уласнай непаўнавартаснасці. Няўжо быць “Прышчучанскім”, “Брэсцкім” гучыць неяк прыкра? Каго хоча падмануць наш “Пармезан”? Зарабіць на гэтым больш грошаў? Увогуле правільна казаць “Парміджана-Рэджана”, бо ў назве закладзена тапаніміка месца - гэта сыр правінцый Пармы і Рэджы-Эміліі. Варыянт “Пармезан” пайшоў ад французаў, але ён скарочаны і неяк крыўдна за Рэджы-Эмілію.

Мне падабаецца, калі прадукт з’яўляецца квінтэсенцыяй зямлі і традыцый яе жыхароў. Так Парміджана-Рэджана нельга вырабляць з малака, надоенага па-за зонай гарадоў Пармы, Реджы-Эміліі, Балоньі, Модэны, зямель правага берагу ракі По ды левага ракі Рэна. Інакш будуць іншыя травы, а вынік - іншы смак малака і ўрэшце сыр. Па зацверджаных нормах каровы могуць сілкавацца выключна сенам з мясцовых лугоў і ніякага сіласу. Таму ўжыванне чужога імя - гэта пытанне павагі як да сябе, так і да чужых традыцый, якім між іншым дзевяць стагоддзяў. Наш сыр мае беларускія ноткі, яны не горшыя і не лепшыя - яны іншыя і мы будзем ім ганарыцца, калі зроблена добра.

Па запрашэнню нашых сябровак мы едзем з экскурсіяй у “святая святых”.

Каб вырабляць “Парміджана-Рэджана” трэба быць часткай кансорцыуму, асноўная задача якога - кантроль якасці. Не дзяржава, не санэпідэмстанцыя, а самі вытворцы зацікаўленыя ў захаванні легенды. Усяго налічваецца каля 350 сыраварняў, але няхай колькасць вас не пужае. Звычайна гэта невялічкія прадпрыемствы, дзе працуе не больш за 10 людзей.

Экскурсію праводзіць сіньёр Матэа, уласнік сыраварні ў Бадзана.

Сланечнікі

Я не ведаю, як краявіды ўплываюць на смак, але нешта падказвае, што тут не могуць рабіць нясмачны прадукт: прадпрыемства тоне ў сланечніках, якія сустракаюць нас, панурыўшы галовы, чакаючы сонца. Сіньёр Матэа ветлівы, кажа, што ён тут працуе з маленства і не стаміўся, адно толькі шкадуе, што яго дзеці пайшлі іншай дарогай. Запрашае нас прайсці ўнутр цэха і там ужо нашы дзеці не вытрымліваюць пах цялячай сычужны, просяцца выйсці на вуліцу. Далей крочым без дзяцей.

Як
Малако збіраецца і прывозіцца на сыраварні два разы ў дзень. Яно не падвяргаецца ніякай тэрмаапрацоўцы, а выкарыстоўваецца менавіта ў сырым выглядзе, з усім мноствам малочных мікраарганізмаў. Страшна? Не бойцеся! Усё жывое там засталося. Працэс распачынаецца ўвечары, калі малако з вячэрняй дойкі змяшчаецца ў сталёвыя ванны і пакідаецца нанач. Раніцой сыравар збірае вяршкі, а абястлушчанае малако пераліваецца ў вялікія медныя чаны, дзе злучаецца са свежым, нядаўна надоеным. Для вытворчасці 1 кілаграма сыру патрабуецца 14 літраў малака. Затым дадаецца сыроватка, што засталася з учорашняй вытворчасці сыра і сумесь награецца да 36 градусаў. Вы яшчэ не стаміліся? Тады кладзем натуральную цялячую сычужыну і чакаем згортвання малака, гэта займае 10-15 хвілін. Майстэрства сыравара ў тым, што ён сваімі рукамі правярае сырную масу, каб не ператрымаць і адсачыць правільны момант для пачатку яе разбівання.

Матэа даволі цікава распавядае і кожны свой сказ абавязкова ўзмацняе ўзмахамі рук. Гэта так па-італьянску, нібы дырыжоры яны заклікаюць нябачны аркестр зайграць. Але ўся ўвага на рукі, у Матэа яны распараныя і нібы надзьмутыя. Вось ён працоўны партрэт, вось ён герой сацрэалізму, чалавек - увасабленне прафесіі.
сыравар

Сырная маса разбіваецца прыстасаваннем “калючка” (у сівыя часы карысталіся галінкай глогу). Адначасова адбываецца абязводжванне зерняў: сыравар павялічвае тэмпературу (з 35°С да 55°С) і варыць да кансістэнцыі, калі вільгаці застаецца самы мінімум, неабходны для аб'яднання зерняў паміж сабой. Пасля варка спыняецца і прыблізна праз 60 хвілін атрыманы прадукт падзяляецца на 2 часткі і з яго выціскаюць сыроватку.




Надышоў момант персаналізацыі. Сырная маса змяшчаецца ў формы, дзе на тонкай казеінавай пласціне матрыца-штамп “гравіруе” інфармацыю аб паходжанні (кропкавы надпіс “Парміджана-Рэджана”, месяц, год вырабу, код сыраварні-вытворцы, надпіс "DОР” (гарантаванае і кантраляванае месца паходжання). Пакуль гэта толькі водціск, з часам пры дапамозе грыбка кожны сімвал праявіцца і стане чытальным.

Персаналізацыя

Далей у прахалодным памяшканні будучы сыр пагружаецца прыкладна на 20 дзён у ванны з насычаным растворам натуральнай солі. Гэта не толькі прасолка, так соль выцягвае с сыру лішнюю вільгаць, што складае прыкладна 6% ад масы.

Прасолка

Парміджана-Рэджана амаль гатовы, засталося даць яму выспець. Сыры пераносяцца ў вялікае памяшканне, з кантраляванымі тэмпературай і вільготнасцю.

Сыр

Склад

Матэа кажа, што калі мы застанемся з ім 12 месяцаў, тады зможам даведацца, якім атрымаўся сённяшні сыр - такі мінімальна магчымы тэрмін выспявання. Мы столькі чакаць не можам і нам прапануецца праверыць якасць ужо гатовых сыроў, як гэта робіць эксперты кансорцыуму.

Кожная галоўка сыру прастукваецца малаточкам па ўсёй яе паверхні. Па гуку і вібрацыях выяўляецца наяўнасць дэфектаў. Гэта могуць быць скрытыя дзіркі, надломы, расколіны ды іншае, што прыводзіць да адхіленняў паводле водару.

Прастукванне сыру

На падставе экспертызы сыр падзяляецца на дзве катэгорыі:
1. Парміджана-Рэджана DOP - сыр без дэфектаў (выспяванне 12-30 месяцаў), маркіруецца авальным таўром.
2. Парміджана-Рэджана DOP Mezzano (сярэдні) - сыр з нязначнымі дэфектамі (выспяванне 12-18 месяцаў), апроч авальнага таўра, мае шэраг паралельных баразёнак, нанесеных невыдаляльным спосабам.
3. Галоўка, якая не прайшла атэстацыю лічыцца не прыдатнай і не можа называцца Парміджана-Рэджана. З такога сыру будзе цалкам выдаленая кропкавая маркіроўка і ўся інфармацыя пра паходжанне. Ён трапляе ў разрад "розныя", нібы з генерала ў радавыя. Ёсць варыянты, калі сыр яшчэ можна “вылечыць”, “перапаяўшы”, але атрымліваецца не заўсёды.

Дэгустацыя

Пастукванне і слуханне сыру - самае цікавае ў экскурсіі. Хаця б з прычыны таго, што тут ты удзельнічаеш сам ды і водар ужо не сычужны, а менавіта што Парміджана-Рэджана. Адным ім можна было б наесціся, але нас чакае сапраўдная дэгустацыя.

Дэгустацыя

У залежнасці ад тэрміну выспявання сыры маюць розныя рэкамендацыі:

- 12 месяцаў - падыходзіць для самастойнага спажывання пад сухое белае віно. Смак салодкі і кіслы адначасова, арамат не вельмі інтэнсіўны, суправаджаецца адценнямі раслін і фруктовых кветак.
- 24 месяца - можа спажывацца, як самастойна, так і для гатоўкі (паста, рызота). Структура больш рассыпістая і крупчастая. Мае адценні садавіны, цытрусаў і арэхаў. Выдатна спалучаецца з чырвонымі вінамі і з традыцыйным бальзамічным воцатам.
- 30 месяцаў - падыходзіць для гатоўкі. Структура больш сухая і рассыпістая. Смак насычаны, часам востры. Мае адценні мусату, перцу і сухафруктаў.

Але гэта ўсё рэкамендацыі і, калі 30-месячны сыр будзе ісці акампанементам да келіха віна, за гэта ніхто не асудзіць і слова не скажа.

- Сіньёра, Вы так спрытна наразаеце дротам сыр, калі ласка, зрабіце і нам кожнага па кілаграмчыку.

Рэзка
Мора
- Скузі, сіньёр. Як праехаць да Андрэятычнага мора?
- Адрыятычнага?
- Так, Андрэятычнага.
- Знайдзіце Андрэа.
- Я - Андрэй.
- Тады едзьце прама, прыкладна праз кіламетр убачыце хвоі і вось акурат за імі і будзе Андрэятычнае мора.
Чэзэнаціка
- Чаму?
- Бо цэнтральную частку горада спраектаваў сам Леанарда да Вінчы.
- Гэта ўсё?
- Там ёсць Музей старажытных караблёў.
- Будзеце тыдзень глядзець?
- Чэзэнаціка лічыўся літаратурным цэнтрам усёй Адрыятыкі.
- Кім лічыўся і калі тое было?
- Добра, забудзьце, Чэзэнаціка - гэта мора.


Мора і 7-кіламетровы пляж з пяском залацістага колеру. Такая даўжыня берагавой лініі забяспечвае месца ўсім, нават на бясплатных пляжах у выходныя дні няма штурхатні. Дарэчы, вось мінус Італіі – за добры адпачынак на моры трэба плаціць. Бясплатныя пляжы таксама ёсць, але звычайна гэта занядбаныя вузкія лапікі на далёкіх ускрайках. Толькі не ў Чэзэнаціка: тут адзіная розніца паміж платнымі і бясплатнымі пляжамі выяўляецца ў адсутнасці на апошніх парасонаў і лежакоў. У любым выпадку наш прыярытэт – гэта мора.
- Там па дне марскім бегаюць мышы!
- То не мышы. То крабы.
Вада на пляжы ў Чэзэнаціка празрыстая і чыстая, за яе станам сочыць адмысловая лабараторыя. Увогуле горад можа рэкамендаваць для адпачынку з дзецьмі. Апроч добрых пляжаў з плюсаў вызначаецца невялікая глыбіня мора. Каб даросламу была па пояс, трэба адыйсці метраў сто ад берагу, дзецям жа вольніца - могуць бяспечна плёскацца хоць цэлы дзень.

Купляем парасон, мы тут з тыдзень пабудзем.


Трэнды
З кім, як не з італьянцамі, паразважаць пра глабалізацыю? Яшчэ з часоў Рымскай імперыі, яны не проста захоплівалі тэрыторыі, а менавіта што распаўсюджвалі свае ідэй і лад жыцця. Нездарма жартуюць, што ў паўфінале чэмпіянату свету гулялі былыя правінцыі Рыму: Далмацыя, Галія, Брытанія і Бельгіка. Рымскі дух так проста не выветрыцца. Калі за глабалізацыяй на шчытах позняй імперыі прыйшло хрысціянства, Рым стаў яго сэрцам і розумам, а з адкрыццём Новага свету ўплыў пашырыўся на кантыненты.
- Маё прывітанне генуэзцу Калумбу!
- Дык кажуць, што ён беларускіх крывей, нібыта ўнук караля Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага Ягайлы.
- Ці еў Калумб дранікі?
Потым быў Рэнесанс, зараз піца, кіно, мода, машыны, футбол – уплыў іншага кшталту, хутчэй эстэтычна-эмацыйны. Бывае няправільна зразумелы, як здарылася з піцай. Вось што за тоўстыя булкі пякуць амерыканцы? Хіба іх такому вучылі?
А ці мяняюцца самі італьянцы? Павольна. Толькі сёлета на Апенінах з’явілася сетка кавярняў, знакамітая тым, што прадае каву вёдрамі. Выбачайце, у 250 мл. папяровых стаканчых, добра разбавіўшы каву вадой. Хіба нехта лепш за італьянцаў гатуе каву? Але сірэна з накрывак гэтае сеткі спакусліва ўсміхаецца:
- Нас не стрымаць!
Пакуль тутэйшыя традыцыі даволі моцныя, бо ў базісе маюць сям’ю і рэлігію. Не здзіўляйцеся, такое ў 21 стагоддзі яшчэ недзе магчыма. Факты? Калі ласка, уяўляеце моладзь, якую не закрануў сусветны трэнд на татуіроўкі? Як казала мая бабуля Гэля:
- Ходзяць чыстыя, не размаляваныя, як яйкі на Вялікдзень.
Паўсюль інтэрнэт, кіно, музыка – ідэалагічных межаў ніякіх не засталося, а татуіроўкі ў Італіі трэба яшчэ пашукаць. Прынамсі, у Чэзэнаціка, дзе адпачываюць пераважна італьянцы, традыцыйная для іншых месцаў карціна «размаляваных» пляжаў кантрастуе з тутэйшым некранутым фарбамі ўзбярэжжам.
- Джузэпэ, навошта табе гэтыя размалёўкі, ты і без таго самы прыгожы.
Усё проста. Каталіцкая царква не дазваляе афарбоўку чалавечага цела, а што супярэчыць рэлігійным канонам, з цяжкасцю прыжываецца ў італьянскай сям’і. Так муж нашай сяброўкі Святланы, Рыкарда, будучы падлеткам, зрабіў татуіроўкі на плячы і да вяселля хаваў яе ад бацькоў.
- Ай, Джузэпэ, ай навошта?!


Скарына
Дакладных звестак ці быў Францішак Скарына ў Венецыі не знойдзена. Але цяжка паверыць, што, атрымліваючы ступень доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце, знакаміты друкар не знайшоў магчымасцяў наведаць Венецыю. Гэта як прыехаць у Нью-Джэрсі і не заскочыць у Нью-Ёрк, як пражыць пэўны час у Фаніпалі і не выбрацца ў Мінск. Магчыма? Так, але нерэальна. Нават калі ўявіць, што яго не вабілі ліхтары і каналы фінансавай-эканамічнай сталіцы тагачаснай Еўропы, Скарыну не мог не зацікавіць досвед 500 венецыянскіх друкарняў. Вось не веру. Не вытрымаў бы. Што такое адлегласць у 50 кіламетраў паміж Падуяй і Венецыяй для чалавека, што да таго праехаў палову Еўропы? Пехам дайшоў бы. Толькі гістарычных звестак няма, а ёсць вера ў непаседлівасць славутага земляка і сцверджаны факт, што цягніком з Падуі да Венецыі зараз ехаць усяго паўгадзіны.
- Міжрэгіянальны цягнік бізнес-класу “Скарына” адыходзіць з пятай платформы.
Пад замок
Па шчырасці Венецыю я б закрыў. На перон – шлагбаўм, на прыстань – амбарны замок: ні цягніком, ні лодкай туды было б не дабрацца. «Яна затанула!» – сюжэт новага Кубрыка паказвалі б усе тэлевізары свету. У высадку на Месяц людзі ж паверылі? Павераць і тут. Гораду патрэбна палёгка. Уявіце, да вас у госці прыехалі лепшыя сябры. Дзень добра, два, тры, на чацвёрты робіцца невыносна і вось на пяты яны выязджаюць. Зачыняеце дзверы, кажаце «прыязджайце яшчэ» і ў гэты момант на парозе з’яўляецца новая партыя і гэтак бясконца. Праз месяц вы з’едзеце самі, як пакідаюць сваё месца венецыянцы. Горад становіцца прывідам, закладнікам уласнай гісторыі. Зараз у Венецыі жыве 60 тысяч, яшчэ не так даўно тут было больш за 170. Турызм гэты горад знішчае: дамы ідуць пад гатэлі, па-за сферай абслугоўвання працу амаль не знайсці, а жыцце ж большае за турызм. Музей хочацца наведваць, у ім цяжка жыць.
- Чао, сіньёра!
Я машу незнаёмай жанчыне. Яна не адказвае, глядзіць на мяне цяжкім позіркам. Фатаграфую. Я адзін з гэтай навалачы, што высмоктвае з гораду сокі. Але і не наведаць Венецыю я б не змог, я гатовы ехаць туды нават сёння. Таму толькі забарона гадоў гэтак сорак. Каб выраслі новыя пакаленні, што не бачылі, як праз Сан-Марка плыве круізны лайнер. Ведаеце, чым была раней адметна Венецыя? Тут моладзі не было куды дзецца і сэкс у публічных месцах быў справай штодзённай. Бздурства? Я б у Венецыю пускаў толькі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і касманатаў. Толькі лепшыя савецкія дзеці маглі адпачываць у Артэку – наведванне Венецыі мусіць быць прызам жыцця.

Круізны лайнер побач з Сан Марка

- Заслужылі, віншуем. Распішыцеся тут і моцна там не шуміце.
Больш нікога. Праз вакно мяне заўважае жанчына ў хатнім халаце і бігудзях. Я хачу, каб яна засталася. Іншаземцы не круцяць бігудзі. Можа Венецыя тоне, бо яе людзі насамрэч – паплаўкі і з кожным ад’ездам яна становіцца ўсё цяжэйшай? Не ведаю. Мы гуляем, губляемся, выходзім на маленькую плошчу-п’яцэту. Калі Венецыя гучыць морам, мы турысты – гукам чамаданавых колаў. А тут ні таго, ні другога. Толькі спёка звініць у паветры і ледзь чутна б’е малаток.
- Праходзьце.
У глыбіні крамы аўтарскіх лялек нешта майструе жанчына. Як жа так? Яе гільдыя яшчэ не адплыла на вялікую зямлю? Я забараняю сабе фатаграфаваць. Я забараняю сюды прыязджаць.
Ноч
Не здзіўляйцеся, але Венецыя - гэта лес. Лес няпросты, лес перакулены. Горад стаіць на мільёнах забітых макушкамі ўніз альпійскіх лістоўніц. Толькі адзін касцёл Санта-Марыя-дэла-Салутэ ўтрымліваюць 156 000 свай. Яшчэ раз, пачуйце, – сто пяцьдзясят шэсць тысяч пад адным толькі будынкам. Колькі ўсяго пайшло дрэваў на забудову 118 астравоў, не падлічыць ніякая кантора. Можа хапіла б, каб засадзіць усю Белавежскую пушчу, а можа, калі б рабілі шпалеры, дасягнулі б Месяца? Землякі са Стаўбцоўскага раёну распавядалі, што зарабляюць добрыя грошы, дастаючы з водаў Нёмана закамянелыя ствалы маронага дубу. Менавіта на гэтай тэхналогіі венецыянцы і будавалі адзін з незвычайных гарадоў чалавецтва. Яны заўважылі, што дрэва ў забалочанай мясцовасці пад уздзеяннем солі ды ціны пакрываецца мінеральнай абалонкай і па трываласці не саступае каменю. Такім чынам Венецыя атрымала падмурак з фактычна перакуленага лесу. Каменага, пад вадой, але ўсё адно лесу і галоўнае там дзейнічаюць тыя ж законы: у лесе добра ўдзень, ноччу цьмяна і няўтульна. Вузенькія вуліцы з дамамі, што ўдзень адкідваюць цень, з заходам сонца пачынаюць свярбець клаўстрафобіяй. Мне ў Венецыі не хапае ліхтароў. Нават Сан-Марка неяк тоне ў цемры. Тут не небяспечна, можна гуляць, але для паўднёваеўпейскага гораду незвычайна спакойна. Я лаўлю сябе на думцы, што шукаю святло і разам з ім хаця б які-небудзь шум. Акурат, як у лесе спадзяешся знайсці чыёсьці вогнішча з песнямі, танцамі. У Венецыі, напэўна, гэта мусіць быць карнавал, толькі зараз лета, а карнавал праходзіць напрыканцы зімы. Не дачакаемся. У гэтым лесе не вырыць зямлянку, партызанаў тут знойдуць адразу ды і няма з кім ваяваць. Хіба што прапітацца соллю-цінай, стаць мірным партызанам падводным і чакаць, папіваючы кактэйль.
Aperol Spritz
У Венецыі ёсць свой напой, а калі б не было, складанаму эклектычнаму гораду трэба было прыдумаць нешта свежае, кідкае знешне і абавязкова каб складалася з некалькіх інгрэдыентаў. Каштуйце, замаўляйце, рабіце - кактэйль ِAperol Spritz ці проста Spritz Veneziano.

Што патрэбна:
- Prosecco (сухое белае віно), 100 мл
- Aperol, 50 мл
- Газіраваная вада, 50 мл
- Лустачкі апельсіна
- Лёд

Як:
У стакан з лёдам уліць прасэка, апероль, газіраваную ваду і змяшаць барнай лыжкай. Падаваць у вялікім келіху разам з лустачкамі апельсіна.

Па легендзе ідэю разводзіць віно газіраванай содавай вадой вынайшлі аўстра-вугорскія вайскоўцы недзе на пачатку 18-га стагоддзя. У той час Венецыя знаходзілася пад акупацыяй Вены, што тлумачыць германскую частку назвы напоя – ِSpritz (Спрытц).

Вас нічога ў гэтай легендзе не засмучае? Вайскоўцы, звычайна жорсткія і брутальныя людзі, а тут разводзяць віно.
- Ой, я сёння так наваяваўся, так стаміўся. Давай вып’ем віна?
- Яно вельмі моцнае - 13%! Трэба яго абавязкова развесці вадой!
Не спірт, а віно! Вайскоўцы? Хіба што, каб развесяліць якую Джульету. Дзіўнае версія, але незалежна ад гэтага кактэйль дакладна мае італьянскае аўтарства. У 1919 году сям’я Барбэры распрацоўвае горкі лікёр – бітэр «ِAperol», які становіцца асновай кактэйлю. Змяшаўшы яго на аўстра-вугоскі манер з дзвюма часткамі сухога віна і часткай газіраванай вады, венецыянцы вынаходзяць Aperol Spritz.



Кактэйль цудоўна п’ецца ў спёку. Па градацыі Сусветнай асацыяцыі барменаў Aperol Spritz адносіцца да катэгорыі «Напоі Новага Часу» (англ. New Era Drinks). Чым не сувязь часоў і крок у будучыню? Упершыню пакаштаваўшы гадоў 5 таму, мы нарэшце апынуліся ў яго на радзіме. А ў Беларусі між тым напой забаронены, бо ў бітэры «ِAperol» нашы кантралюючыя органы знайшлі нешта шкоднае сінтэтычнае пад назвай «сонечны закат». Безумоўна добра і правільна, што радзіма за нас гэтак клапоціцца, але калі будзеце ў Венецыі, усё ж дазвольце сабе трошачкі «забаронкі». Адчуць асвяжаючы смак быць без апекі любімай дзяржавы можа стаць і вашым любімым напоем.
Камары
Не чакаеш, а яны ёсць. Такія ж звонкія і пякучыя, як айчынныя беларускія. Гэтак жа кроў з цябе выпіваюць, такія ж назойлівыя. Іх тут шмат, ты нібы на Палессі ў траўні - марна адбіваешся, машаш рукамі. Спаць не даюць.
- Ты дзеля гэтага сюды прыехаў, каб спаць? Калі падаваўся на візу, нешта пісаў пра турызм? Дык вось не ўсё вам прашута і к’янці.
Тут бывае па-рознаму і, калі зняць ружовыя акуляры, вы ўбачыце мафію, бруд, карупцыю, эміграцыю і гэтую лятучую камарылью.
- Здайце кроў на аналіз! Вы шмат елі і пілі, пяты ўсе стапталі. А колькі грошай патрацілі. Ай, транжыры, не добра! Што скажуць суседзі!?
Не ведаю. Мы ж ім скажам, што з’ездзілі нармальна: мора, горы ды больш нічога адметнага. Макароннкі ядуць макароны, гэтак жа дзеці равуць, акурат, як у нас. Трошачкі прайшліся па крамах, пакаштавалі марозіва. Што сказаць? Амаль нашыя "20 капеек". Навошта злаваць людзей расповедам пра вандроўку?
- Усё добра, жывыя.
Гранд канал
Світанак
Прынята лічыць, што світанак – лепшы час, каб паглядзець Венецыю. Маўляў, няма натоўпу, ніхто не замінае – хадзі, фатаграфуй. Я правяраў, сапраўды ніхто не боўтаецца пад нагамі, горад пусты і ў гэтым крыецца вялікі фальш. Я бачу архітэктуру, але не бачу жыцця. А горад без жыцця – гэта Пампеі, дзе вуліцы, дамы, млыны. Толькі яно ўсё халоднае, несапраўднае, глядзіш нібы праз крышталь тэлевізара. Да таго ж сонца на світанку злоснае, узыходзіць акурат за храмам Сан-Марка, можна сфатаграфаваць толькі цень. Усё мяняецца прыкладна а 7-ай раніцы, калі раптам неадкуль узнікаюць невялічкія групы: гандальераў, што грымяць фарфорнымі кубкамі кавы; гандляроў, што на лодках прывозяць тавар; турыстаў, што праспалі світанак. І гэта зусім іншая Венецыя, у ёй ёсць гармонія-раўнавага мясцовага і прышлага. Людзі прыносяць у горад эмоцыю і ты ўжо не просты рэцыпіент інфармацыі «у гэтым месцы, у далёкім ікс-годзе адбылося гэткая падзея», а робішся саўдзельнікам. Вітаешся, п’еш каву, сутыкаешся. Ты – матылёк з апавядання Брэдберы і ўсё далей пойдзе інакш. Я дакладна забуду ўсе архітэктурныя венецыянскія дробязі, а як сварыўся з гандальерам, буду ўзгадваць пры кожным напаміне пра Венецыю. Вось ён лепшы час для горада на вадзе, але статус-кво хутка парушыцца. Трэба паспаць яшчэ з паўгадзінкі і вярнуцца з любімай жонкай ужо на другую за раніцу каву: на гэты раз з малаком і свежым брыёшам.
Мода
На вуліцы чапляю вухам дыялог рускамоўных дзяўчын:
- В настолько прекрасном городе, как Венеция, так ужасно одеваются люди.
- Дико не соответствуют месту! Туристы!
У іх голасе пануе снабізм, абурэнне, расчараванне. Самі ж дзяўчыны апранутыя ў шорты і майкі.
- Эй, сіньёр, дзе ў вас самая іранічная маска?
- Вазьміце маску Капітана, ён таксама быў высакамерным і ніколі жанчын не разумеў.
Маскі


Можа ўжо і шорты сталі высокай модай? Толькі дзеўчын я бачыў імгненне. Напэўна прыгожыя, не разглядзеў. Усё адно незалежна ад шортаў у нас мужчынаў іншае ўспрыманне прыгожага. Дзень таму дачка зрабіла выснову: лепш за ўсіх у Венецыі апранаюцца афіцыянты. У жанчын пільнае вока, незалежна ад мовы.
Маскі
Маскі
Дзень
Забудзьце пра лес. Як кажуць самі венецыянцы, удзень Венецыя – рыба. Не верыце? Паглядзіце, як горад выглядае на мапе, адзін у адзін – камбала. Яна нікуды не спяшаецца, не плыве, заціснутая ў лагуне пакорліва дае сабой любавацца. Гэта сёння, тады як у сярэднявеччы то быў драпежнік ва ўсей моцы і прыгажосці, які кантраляваў усё Міжземнамор’е, даваў бой Візантыі, а ў фінансава-гандлёвых стасунках Венецыі увогуле не было роўных. Эх, былі часы!



Рыба, дык рыба, але я маю ўласныя вочы і ўдзень для мяне Венецыя - гэта прыгожая дама, што цябе кружыць у танцы, наляту змяняе спадніцы.
- Глядзі наступны дом прыгажэйшы за папярэдні.
Ты здурнеў, ты ляціш, ты лічыш дамы: нумарацыя ідзе не па вуліцах, а агульная па раёне. Адзін, два… сорак… тысяча пяты - у гэтым танцы губляецца адчуванне былой рэчаіснасці. Так на трэці дзень усё, што звязана з вадой, становяцца нормай, а сухапутнае - анамаліяй з чужога жыцця.
- Аўтамабілі? Веласіпеды? Вы пра што? Існуюць толькі на вадзе лодкі і самалёты ў небе.
На чацвёрты дзень ты купляеш вуду, на пяты прадаеш рыбу. Калі не з’едзеш на шосты, напэўна, адкрыеш рэстаран марской кухні. Толькі каго гэта здзівіць? У Венецыі, дзе па словах амаль усе - імпарт, кантрабанда ці нарабаванае, ты таксама станеш сваім. Не нудзіся. У пірацкай гавані не мае значэння, што калоны святых Марка і Теадора - гэта трафейныя статуі з Сірыі. Нешта прыдумаем. Забудзь пра прапіску і месцапаходжанне. Так блізкаўсходні кракадзіл стаў драконам, а льву прымацавалі крылы і прызначылі сімвалам горада - ты таксама ляці і лічы. Галерэя Акадэміі - дом 1050-ы, Палаццо Контарыні-дель-Бавала - 4303-і, Арсенал нумарам не пазначаны. Толькі паміж калонамі не пралятай, бо дурны знак. Ляці праз масты, безліч мастоў, губляйся, выйсце шукай па накірунку, як ляжыць брукаванка - гэта самы надзейны выхад да мора, якое паўсюль.
Калоны святых Марка і Теадор
***
- Памятаеш, нам людзі казалі, што Венецыя пахне вільгаццю? Я нават загадзя надумаў асацыяцыю, што Венецыя - гэта сыр з цвіллю.
- Ну і як табе чужыя шаблоны?
- Як даношваць чужую вопратку: тут завялікае, а там цісне. Карацей, Венецыя - ніякі не сыр.
- А Крым - не бутэрброд?
Саша
Тэатр
Ёсць версія, што сучасны тэатр пачынаўся ў Венецыі. Канешне ліцадзейства вядомае яшчэ з антычных часоў, але з’яўленне рэжысуры, прафесійных актораў і саміх тэатральных жанраў нібыта стала наступствам венецыянскай вулічнай камедыі дэль артэ.

Нават калі Венецыя і не нарадзіла тэатр, усё адно тэатр стаў яе сутнасцю. Навошта сюды едзе турыст? Ён жадае апынуцца ў сярэднявечнай казцы, праплыць на гандоле, паўдзельнічаць у карнавале. Так не жывуць сучасныя гарады: ні вялікія, ні малыя, ні іспанскія, ні італьянскія. Яны маюць тыдзень які на забавы і потым год нуднай руціннай працы. Іншая справа горад-атракцыён, ён жа інтэрактыўны тэатр. Тут ты на сцэне: табе прадаюць, а ты купляеш ілюзію вандроўкі па часе. Радуйся, ты – удзельнік, нібы Казанова плывеш на гандоле: ты адзін з іх, ты дакрануўся гісторыі.

Круізны лайнер побач з Сан Марка

І галоўныя артысты тут – гандальеры. Людзі ў паласатых майках, што плаваюць на чоўнах коштам 25 000 еўра, у год зарабляюць 150 000 і дэ-факта з’яўляюцца самымі багатымі прафесійнымі людзьмі ў Венецыі. Але тэатр тут усё і з ганадльерамі ён грае ў трагікамедыю, бо пры ўсіх вялікіх заробках, яны не могуць дазволіць сабе жыць у Венецыі – дорага. Гандальеры граюць з турыстамі, горад дрыгае праз нітачкі ганадльерамі.
- Сіньёр, я беларускі турыст, хацеў вас запытаць…
Тут гандальер ускоквае са свайго барнага стулу і пачынае мне нешта злосна крычаць. А мне смешна, я нічога не разумею, а ў ім столькі эмоцыі і нявыказаных раней словаў, што мне ажно хораша.
- Карамба… турыста… Неапаль!
- Мы сустракаліся з Вамі ў Неапалі? Я разумею, што такое «карамба», не паўтарайце. Вы накіроўваеце мяне ў Неапаль?
- … Санта Марыя …
- Спакойна! Ну не пагаліўся я зранку, навошта крычаць? Я вось думаў, каб вы пакаталі нас на гандоле. О, доля!
- О, соле!
- Добра, лічыце, што размовай з вамі я зэканоміў 100 еўра.
Я нават рады, што так адбылося. Ну праплылі б мы на гандоле, паставілі б плюсік, а так атрымаў персанальную пастаноўку і зазірнуў па-за маску актора. Хто там быў? Фігаро? Збяднелы шляхціч з Бергама? Ён прыехаў сюды, ён самы хітры? Не, хітрэйшымі былі персанажы з Сіены, а гэты так ужыўся ў ролю, што кідаецца на людзей? Збой сістэмы? А можа ён адзіны, хто ў Венецыі не грае? Мясцовы гарадскі «не такі як усе» ці гэта мы нейкія не такія? Мы ж у Венецыю едзем маленькімі і дарослымі дзецьмі, як з намі не граць?
- Гэй, сіньёр, у вас маска адкеілася!
А можа проста палоскі на яго майцы пачынаюцца з чорнай а не з белай, як у калегаў? Можа быць, але гэты спектакль каштаваў сотні паездак і ніводнага еўра. Рэальнае жыццё і захапленне людзьмі засталося недзе на вялікай зямлі, тут жа на востраве я апладую акторам. Тэатр нельга абвінавачваць, што ён не такі, як у жыцці. Твой прыход – ужо пагадненне на п’есу, а ліцадзеі па-за сцэнай могуць быць у якім заўгодна настроі. У мяне стаячы квіток у «ла Фенічы», я вытрымаю ажно 2 гадзіны. Тэатр. Венецыя. Мы ў ім акторы.
Газета
- Таварыш, купіце газету!
- Што за яна?
- “Lotta Comunista”
- Камуністычная газета ў Венецыі для беларуса - гэта цудоўна. Нездарма вялікі венецыянскі прайдзісвет Казанова тут прыдумаў першую латарэю. Слова “Lotta” паходзіць ад латэрэя?
- Не. Гэта бой.
- Хлопчык?
- Змаганне!
- За што і з кім?
- За лепшае жыццё працоўнага люду.
- Вы верыце ў казкі?
- Не.
- Вось і я не надта. Асабліва ў казачна прыгожай Венецыі.
- Дык газету купіце?
- Я ж не веру ў казкі.
Колер
- Дзеля чаго ехаць у Венецыю?
- Каб убачыць колер.
Мастацкая школа Венецыі мае адну асаблівасць: колеры насычаныя і сакавітыя. Нават у самых змрочных сюжэтах чорны будзе дыхаць святлом. Калі навукоўцы зрабілі спектральны аналіз сярэднявечных палотнаў, выявілася, што ў фарбах прысутнічае шкло.
- Муранскае?
Каб зразумець, што стаўленне да колеру тут асаблівае, неабавязкова ісці ў мастацкую галерэю, дастаткова апынуцца на вуліцы.

Венецыю стваралі купцы і галоўным прынцыпам мелі: «Спрабуем усё, пакідаем лепшае». Тады не было камітэту па архітэктуры, кожны мог будаваць згодна са сваім уяўленнем прыгожага. На шчасце, у адрозненні ад беларускіх калегаў з жахлівымі катэджамі першых гадоў незалежнасці, венецыянскія купцы ўсё ж мелі густ. Але сутнасць гандляроў усё адно застаецца – незалежна ад месца і часу іх вабіць бліскучае і ўрачыстае. Венецыянскі стыль называлі эклектыкай, тое, што мы маем за МКАДам, пакуль назвы не атрымала.
- Спрабуем усё, пакідаем лепшае?
- А давай дадамо шкло, мо заблішчыць?
Не заблішчыць, дык нічога страшэннага. Венецыянцы спрабавалі, канкуравалі і цэнтральнай падзеяй гарадскога жыцця быў карнавал. Хоць слова «карнавал» паходзіць ад лацінскага «прыбраць мяса» і пазначае пачатак вялікага каталіцкага паста, дэ-факта тое быў выбух назбіранай за зіму энергіі: прыгожыя маскі, шыкоўныя касцюмы, як беларусы ў базарны дзень, венецыянцы адзін аднаго хацелі ўразіць. Усё гэта разам узвялічвае прыгажосць і робіць яе дамінантай. Ты ўжо не можаш будаваць штосьці непрыгожае, гэта не можа рабіць твой сусед, усе круглы год рыхтуюцца да карнавалу. Так пачуццё прыгажога туманам апаноўвае горадам, так кожная цэгла нясе адбітак мастацтва.

Па Венецыі можна проста гуляць і ўпівацца колерамі адной толькі зялёнай вады. У залежнасці ад часу і месца яна будзе іншай. На шырокіх каналах шпаркая ў такт вёслаў гандальераў - ад сонца іскрыстая, у вузкіх месцах - цягучая і няспешная аксамітам апранаць будзе каналы. Але мною любімае - знайсці скрыжаванне, дзе дзённае святло разрывае ваду на адценні смагарду.

З Венецыяй любяць параўноўваюць сябе іншыя гарады. Як толькі кагосьці затопіць, ці недзе ёсць масты і каналы, адразу кажуць «другая Венецыя». Толькі гэта як суадносіць Мінск і Мадрыд, бо тут і там ходзяць аўтобусы. Унікальнай Венецыю робяць перш за ўсё атмасфера і каларыстыка. Той жа прыгожа-шэры Санкт-Пецярбург – горад з зусім іншым настроем і ніякага «спрабуем і абіраем» там не было. Падабенства такое ж як паміж ісландскімі футбалістамі і бразільскімі – толькі формай, не зместам.

А ў Венецыі нават ежа адметная колерам. Нашы дзеці - вялікія кансерватары, хочуць піцу і карбанару, мы дарослыя не баімся запэцкацца чорным. Смела, рашуча замаўляем тыповыя для Венецыі стравы: жонка рызота з чарніламі каракаціцы, я чорную прычорную нібы ноч пасту.
- І, о Санта Фармаджо!
Лепшыя сэлфі з Венецыі атрымліваюцца менавіта пасля гэтай чарноты: зубы такія, быццам добра паеў быў вугля і ты нястрымна рагочаш, як і ўсе твае людзі. Чорны, а свецішся.
човен
Муранскае шкло
Гэта вельмі прыгожа і вельмі несправядліва, што яму не прыдумалі іншага слова апроч пабытовага - “шкло”. Так, яно зробленае з кварцу, але там столькі фантазіі і дасканаласці, што яно безумоўна належыць да вырабаў ювелірных. Скептыкі могуць паглядзець на кошты: некаторыя адзінкі сягаюць за тысячы еўра. Фармальна - шкло, але і сама Венецыя фармальна - звычайны горад на мапе. Але важная розніца: гэта горад, які пабудавалі магчыма на самым гіблым месцы Заходняй Еўропы, але ён стаў насуперак усім, а найперш прыродзе, сімвалам раскошы і прыгажосці. Натуральна з нічога, з балота, гэтак жа і муранскае шкло, што з простага пяску, але супернічае ў прыгажосці з каштоўнымі крышталямі і камянямі. Чым не гімн чалавечым талентам?



Першыя згадкі пра венецыянскае шкло датычацца 9-га стагоддзя і распавядаюць пра манахаў, якія паводле візантыйскіх сакрэтаў выраблялі вінныя бутэлькі. У 13-ым стагоддзі гэта ўжо цэлая прамысловасць са сваім адметным стылем. Ствараюцца ўпрыгожванні, жырандолі, посуд, розная дробязь для дому. Малавядомы факт, але людзі з кепскім зрокам мусяць удзячыць Венецыю за вынаходніцтва лінзаў для акуляраў.

човен

човен

Да 1296 году шкларобы працавалі на ўсіх венецыянскіх астравах, але пасля шэрагу буйных пажараў вытворчасць перанеслі на востраў Мурана, што дазволіла зберагчы Венецыю і разам з тым захаваць таямніцу ўжо сваёй уласнай школы.

Па сучасных мерках шкларобы былі падобныя да нашых элітарных навукоўцаў: пры пэўнай абмежаванасці свабоды перамяшчэння, у правах і магчымасцях яны былі амаль нобіле (шляхта). Дастаткова сказаць, што ўступаючы ў шлюб са шкларобам, нобіле не паніжаліся ў шляхетнай іерархіі.

Сёння вялікіх сакрэтаў не засталося: у інтэрнэце шмат відэа непасрэдна з цахоў, а жадаючыя могуць замовіць экскурсію, каб пабачыць працэс у жывую. Так венецыянцы страцілі манаполію, але не згубілі імя і майстэрства. Іх капіруе ўвесь свет і нават непасрэдна ў Венецыі прадаюцца падробкі. Вось некалькі парадаў, каб не быць падманутым:

1. Давярайце рукам – мацайце. Шкло на вобмацак прахалоднае.
2. Давярайце вачам – глядзіце. Не павінна быць аніякіх бурбалак ці парушынак. Кожная адзінка вырабляецца ўручную і таму не можа паўтарацца. Напрыклад, узоры на бусінках будуць усе розныя, але ў адным стылі.
3. Давярайце вушам – слухайце. Венецыянскае шкло звініць, як крышталь, але не забывайце, што гэта шкло і яно б’ецца.
4. Давярайце свайму густу – не падабаецца? Гэта не венецыянскае шкло. Тут без кампрамісаў.
Час
Часу заўжды не хапае. Сёлетні візіт у Венецыю – гэта аперытыў, уводзіны для нечага будучага, дзе наведванне палаца Дожаў і Акадэміі падзеляць паміж сабой вясновы павадак і раскошу палацаў. Пакуль жа нам дадзена вуліца і каналы, а што будзе потым, паглядзім. Галоўнае мець гэтую будучыню. Ужо тады я буду дасведчаным, усім раскажу, што гарадскі рэстаранны падатак (12%) можна і не плаціць. Дастаткова спытаць, а ўжо потым пакінуць гэтую суму проста «на чай». У Венецыі так можна, я правяраў, шкада толькі, што вынайшаў не адразу, а на трэція суткі. Пакуль жа ўвесь час гуляць. Для гэтага турысту абавязкова трэба жыць непасрэдна ў Венецыі, ніякіх кампрамісаў кшталту апартаментаў на кантынентальным Венецыя-Мэстрэ. Вы зберажэце з дзясятак еўра, але згубіце бесклапотнасць часу. Вам хутка на электрычку, не спазніцца, не прапусціць. Гэтыя думкі спаганяць вечар і адбяруць у вас ноч, а раніцой замест соннай вылазкі ў кавярню вас чакае вакзал: пероны, талоны, мітусня і адчуванне, што ты ў гасцях. Лепш эканоміць на іншым.
- Сіньёр, я заблукаў, а ў цеснаце гэтых мураў GPS не працуе. - Вам шанцуе, гуляйце, у вас наперадзе ноч.
У горадзе варта заначаваць. Дакладней сказаць - пераспаць, стаць сваім, падзяляць гэтую і іншую ноч. Як адчуваюць тонкую ніць развітання: нібыта яго забіраюць у войска, а яна праз тыдзень выйдзе замуж за іншага. Толькі не адзін раз, не адну ноч. Хвароба сучасных вандровак - завітаць на адзін дзень і потым казаць: “быў я там, шмат людзей”. Праўда ці быў ты? Нікому няма справаў да нашых турыстычных сцяжкоў на мапе. Ну адзначыўся ты і што зразумеў? Шмат людзей? Заўтра Вена, а потым Берлін? Шмат немцаў, веласіпедаў? А між тым гэта ж Венецыя. Тут трэба спыніцца і не спяшацца, як знак уласнай павагі да еўрапейскай цывілізацыі ды не трансляваць сваёй мімалётнасцю думку, што гэта горад на дзень. Нельга. Не на дзень. Венецыя - не пра натоўп, нават калі ты бачыш выключна яго. Венецыя - хутчэй пра час, нават калі ўласна яго вы не маеце. Тут трэба заставацца наколькі магчыма, перачакаць нібы дождж усё і ўся з відам на Гранд Канал.

Бродскі пісаў: «У Венецыі згушчоная формула часу». Падыходзьце, мацайце: вось яна даўніна, а вось верагодны хуткі фінал. Ён казыча нос прадчуваннем, ён замінае, але гэта тая ж сярэднявечная чума, што прынесла ў Венецыю маскі, толькі зараз яна ў новым абліччы ўсміхаецца пагрозай узняцця ўзроўню вады. Цуд Венецыі небясконцы, на 1005 старонцы будзе фінал і наяўнасць яго раздражняе. Навошта Томас Ман і Хэмінгуэй адпраўлялі літаратурных герояў дажываць свой век у Венецыі? Навошта па-за часам сядзіць ля вакна жонка кампазітара з сарэнцінаўскай «Маладосці». Што яны ведаюць гэтыя творцы? Што зялёны колер венецыянскіх каналаў, як смарагд на шыі састарэлага кантыненту, вось-вось абарвецца? Аптыміст скажа, каб цаніць сённяшні дзень і што ўсяму будзе сіквел. Песіміста ўвогуле лепш не пытаць. Гучна выходзім на вуліцу.

Час як бы ёсць, алё яго і няма. Нам хутка з’язджаць.


***
- Хлопчык, ты чый?
- Мой табар забыў быў мяне паміж Санта-Лучыяй і Мэстрэ?
- Дык там жа вада!
- Не, там нарадзілася опера і я ведаю песню.
- Ты нам яе праспяваеш?
- Я не спявак. Раніцой на світанку ўсё зафрахтавана ў порце і срэбра гук яшчэ толькі бэсціць уяўленне людзей апранутых у паласатыя майкі. Вы чытаеце ноты? Будзе раніца. Якія вам песні?
- І што ўсе палубы будуць дазволеныя?
- Апроч той, што са мной.
- Што з табой?
- Тая, што да яе. Разбіваючы плынь, з раёну Кастэла мы будзем плыць акурат прама на сонца. Я бачыў, там была Мурана. Рана. Каб не спазніцца, я прачнуўся амаль на світанку. Царква Мадона-дэль-Орта. Першае вальпарэта. Я ўчора быў і больш ніколі. Плыць бязлітасная Атлантыда будзе ў сваёй акуа альта. Без нас, без дрэваў і без садоў. Толькі пах салёнай кроплі на пылаючым камні будзе нам успамінам. Як быццам мы не з’язджалі, ты замовіш капучына, я - макіата. У Рыкарда.
Сан Марка
***
У аэрапорце.
- А можна піцу зрабіць як мага хутчэй? Нам на самалёт.
- О! Вы вандруеце самалётам!
Наверх