"Чалавек, які правёў тыдзень у Вечным горадзе, – яму хочацца напісаць пра Рым кнігу. Той, хто правёў некалькі месяцаў, – ён, мабыць, напіша артыкул. А чалавек, які пражыў у Рыме некалькі гадоў, – ён ужо нічога не можа напісаць".
Стэндаль
Мне пісаць пра Рым ужо складана, але пакуль яшчэ магчыма. Час, праведзены разам, нястрымна набліжаецца да месяца. Калі не напішу зараз, пачуццё Вялікага горада, што выспявала гадамі, яшчэ крыху – і застанецца толькі са мной. Трэба пісаць. Як бы ні было складана, асабліва пасля Фларэнцыі, дзе ўжо ўзгаданы Стэндаль увогуле анямеў. Не ведаю, з кім вандраваў аўтар “Чырвонага і чорнага”, мне ж мову страціць не далі каханая жонка і непаседы дзеці. Затое я згубіў свой аловак валацугі і не мог адшукаць яго прыкладна з год. Пакуль ён ціха хаваўся пад лавай, я прасіў яго, енчыў, што наступным будзе нешта вартае гораду кветак. Прайшоў год, ён з’явіўся пад Рым.

Сустракайце!

Рым – лепшы горад на Зямлі, адразу пасля Мінску.
Знаёмства
Італія заўсёды прысутнічала ў жыцці. Казкамі Джані Радары, голасам Ларэнціна Ларэці. Я хадзіў у балоневай куртцы, дарослыя марылі пра савецкі “Фіят”. Зранку ў школе нам распавядалі пра веліч Рымскай імперыі, вечарамі мы збіраліся перад чорна-белымі тэлевізарамі, каб пабачыць, як чарговы кубак заваюе “Мілан”.

Краіна капіталістычнага свету, Італія, была амаль сябрам. Ёй не пужалі, а буржуазныя грахі спісваліся як часовыя. Італьянская кампартыя была ўплывовай, і такія яе прыхільнікі, як Федэрыка Феліні, надавалі ўпэўненасці ў хуткай перамозе савецкага ладу. Менавіта вачыма італьянскіх рэжысёраў мы пазнавалі Італію. Гарэза Чэлентана давіў вінаград босымі нагамі, Мастраяні сумаваў пад брызгі фантана Трэві. Фільмы розных гадоў і жанраў – ўва ўсіх іх адчувалася лёгкасць і адначасова сум. Здавалася, калі нехта і ведае пра асалоду ў жыцці, дык гэта італьянцы. Дольчэ віта – адной гэта назвай Італія вабіла.

З падзеннем берлінскага мура тэлевізар раптоўна стаў каляровым, адкрыліся межы, знік Савецкі саюз. У Італію паехалі. Найперш дзеці з забруджаных чарнобыльскай бядой тэрыторый, потым па справах, апрануўшы малінавы пінжак, туды выправіўся малады айчынны бізнес. Працэс пайшоў. Калі на пачатку 90-х мала хто ведаў італьянскую мову, новыя магчымасці імгненна перавучылі добрую палову дзяўчат факультатэта іспанскай мовы МДЛУ. Свавольныя сэрцы італьянцаў не маглі супрацьстаяць такой прыгажосці. Уступаючы ў шлюб, італьянцы пазнавалі, што такое боршч і як смажыць дранікі.

Італія станавілася з кожным разам бліжэй, але паўтары дзесяцігоддзі я быў адданы Іспаніі, і Апеніны былі выключна месцам перасадкі з аднаго самалёта на другі. Кароткія ў некалькі гадзін пабыўкі, за якія не пабачыш нічога, хіба што паспееш зазначыць шыкоўную ўніформу паліцыі. Аднойчы ўсё ж знаёмства крыху зацягнулася, калі я па ўласнай памылцы не паспеў на свой самалёт у Мілане. Збянтэжаны, я не ведаў, што рабіць, італьянцы ж смяліся, жартавалі. Праз паўгадзіны я ўжо піў віно ў рэстаране, а на руках меў квіткі на наступны рэйс – і усё бесплатна, за кошт Аlitalia.
“Як усё лёгка і проста, быццам гуляючы,” – зрабіў я тады для сябе выснову.
2016 год. У Італіі ўжо пабываў неаднойчы, але італьянская лёгкасць не перастае здзіўляць. Не паспела ў самалёце прагучаць “зашпіліце рамяні”, а я ўжо ведаю ўсё пра суседа. Ён з Неапаля, завуць яго Арыс, мае дваіх дзяцей, у іх лепшая піца і найпрыгажэйшае ў свеце метро. Ён паціскае майму шасцігадоваму сыну руку, сцюардэсе дорыць усмешку. Ніякай змушанасці, усё натуральна. Калі самалёт узлятае, Арыс моліцца Богу, ужо ў небе мы глядзім яго сямейны альбом. Ён адданы фанат футболу, бачыў на ўласныя вочы гульню Марадоны і ніколі не даруе пераход Ігуаіна ў “Ювентус”. Усё з усмешкай. Арыс просіць, каб я запісаў ягоны тэлефон і абавязкова завітаў да яго ў Неапалі. А якую пасту гатуе яго маці!

Італія – гэта, найперш, італьянцы. Яны сапраўды такія, як пяецца ў песні.

Мы прыляцелі. Чао, Рым, да сустрэчы, Арыс.
Усе дарогі вядуць у Рым
Не заблукаеш, усё адно ўсе дарогі вядуць у Рым. Пешшу, на кані, на ровары, цягніком ці па небе. Не памылішся. Пытанне часу, але ты трапіш у Рым. Тое самае быццам можна сказаць і пра іншыя гарады:
- Усе дарогі вядуць у Сноў.
- Усе дарогі вядуць у Мазыр.
- Слонім, Баранавічы, Пінск.
Толькі першым быў Старажытны Рым, які з пашырэннем сваіх уладанняў злучаў сталіцу і новыя землі сеткай дарог. Прайшлі тысячагоддзі, а дарогі, акрэсленыя рымлянамі, працягваюць існаваць у выглядзе сучасных магістралей.

Для беларусаў дарога ў Рым звычайна праходзіць праз Вільню, Варшаву ці Кіеў. Так танней, бо беларускія авіялініі – варыянт дарагі, калі толькі вам не пашанцавала набыць квіткі па акцыі, пільнуючы іх начамі. Аэрапортаў у Рыме два: Чампіна абслугоўвае лаўкостэры, Да Вінчы (Ф’юмічына) прымае галоўны паток прылятаючых.
"Пачынаецца пасадка на самалёт да Рыма". А ў пасадачных талонах пазначана: Аэрапорт імя Скарыны (Мінск) – Аэрапорт імя Да Вінчы (Рым)
Прыгожа? Мо ў хуткім часе славутыя дзеячы сярэднявечча змогуць хай не лётаць самім, дык перадаваць адзін аднаму прывітанне праз сваіх нашчадкаў.

Да гораду з аэрапортаў дабрацца можна на цягніку ці аўтобусе і, зразумела, на таксі. У залежнасці ад часу прылёту і колькасці вандроўнікаў таксі можа быць найлепшым варыянтам, бо грамадскі транспарт ходзіць абмежаваны час і пасля прыбыцця на цэнтральны вакзал Тэрміні, вам хутчэй за ўсё давядзецца рабіць яшчэ перасадку, а гэта ўсё – грошы. Нам танней ехаць на таксі і, апроч іншага, так мы паспяваем на вячэру. А вячэра ў Рыме – гэта святое.
Лагістыка
Калі выбіраеш гатэль ці апартаменты ў Рыме, трэба ўлічваць, што хадзіць прыйдзецца шмат. Браць аўтамабіль на пракат не мае ніякага сэнсу, бо ўсё важнае знаходзіцца адносна недалёка, а, улічваючы платную паркоўку і вузкія вуліцы, – гэта ўсё ставарае непатрэбныя клопаты. Ідэальна спыніцца недзе паміж Іспанскай лесвіцай, Калізеем і Трастэверэ. Па-першае, пры жаданні так можна сэканоміць на транспарце. Па-другое, вы не абмежаваныя часам і можаце папіваць свой апероль колькі вам заўгодна – як-небудзь прысунецеся да гатэлю. У іншым выпадку, давядзецца прытрымлівацца раскладу грамадскага транспарту, а ён у Рыме ходзіць па-паўднёваму свавольна. Аўтобусы і трамваі могуць лёгка спазніцца на паўгадзіны ці ўвогуле не прыйсці. Метро больш фармальнае і працуе да поўначы. Адно з наймаладзейшых у Еўропе, будуюць метро павольна, надаючы асаблівую ўвагу магчымым археалагічным знаходкам. У горадзе, дзе памеры культурнага слою дасягаюць 7 метраў, будаўнікі метро проста вымушаныя быць трошкі і археолагамі. Рымская падземка утылітарная: ніякага мармура ды крышталя, шмат цягнікоў не мае кандыцыянераў і выглядаюць занядбана, нібы прывітанне з 60-х. На дадзены момант працуе тры лініі, апошню запусцілі некалькі год таму. Для зручнасці месцы асаблівай увагі пазначаны назвай славутасці, напрыклад, станцыя Barberini - Фантан Трэві, Lepanto - Ватыкан і гэтак далей. Кошт праезду звычайны для Паўднёвай Еўропы: аднаразовы – 1,5€, праязны на тры дні – 18€, на тыдзень - 24€. Дзецям да 10 год – бясплатна. Астатнім не раю ездзіць без аплаты. Кантралёры могуць па сярэдзіне маршрута спыніць аўтобус і праверыць білеты. Акрамя сораму, гарантаваны штраф у памеры ад 100€, чаго мы былі сведкамі.

Вернемся да гатэляў. Іх у Рыме разам з апартаментамі пад 8 000, і ў летні час яны амаль усе занятыя. Кошты розныя, але з большага прымальныя, стартуюць прыкладна ад 35€ за нумар на дзве персоны. Акрамя пражывання давядзецца яшчэ заплаціць і турыстычны падатак у памер 3,5€ за дзень. Дзецям да 10 год і тут шанцуе – плаціць ім не трэба, таму, дакладней, шанцуе іх бацькам. А з большага як і паўсюль, чытаем водгукі, пазбягаем турыстычных эпіцэнтраў кшталту фантана Трэві, дзе, як сцвярджае мой добры знаемы, усё рамантычна, толькі заснуць немагчыма. Спадзяемся на добрых суседзяў.

Такім чынам, прыехалі, засяліліся, набылі праязныя, узброіліся мапамі ды GPS. Час ісці у горад.
- Мо, Вам таксі? Ноч на Зямлі.
Асліная брама
Калі нешта не разумееш ці не прымаеш, прасцей за ўсё – абразіць аб’ект свайго неразумення. Каб патлумачыць гэта, цудоўна падыходзіць Асліная брама (Азінарыі). Праз яе ў старажытныя часы траплялі ў горад першыя хрысціяне. Чым жа была вінная гэтая брама, што атрымала назву гэтай боскай жывёлы? Спрацавала біблейская аналогія: менавіта на асле ў свой час Хрыстос увайшоў у Іерусалім. Шлях да веры самаго Рыма быў цяжкім, да першых хрысціян ставіліся як да сектантаў, што неслі пагрозу Імперыі. Таму абраза была найбольш бяскрыўдным з таго, што давялося зазнаць паслядоўнікам Хрыста. А былі яшчэ пагромы, катаванні, забойствы. Лёс апостала Паўла стаў падмуркам для пераўтварэння Рыма. Мінула два тысячагоддзі, хрысціянства прайшло праз цемру вякоў, зведала Рэнесанс, Асветніцтва і розныя рэвалюцыі. Пры ўсіх цяжкасцях і спакусах яно было і застаецца адной з асноўных рэлігій планеты, а Рым, разам з Ватыканам, – духоўным цэнтрам яе каталіцкай часткі.

Брама Азінарыі знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы старога гораду, аточаная старажытным мурам, уздоўж якога бегаюць прыхільнікі здаровага ладу жыцця, яна па ранейшаму застаецца кропкай уваходу ў Рым, толькі на гэты раз для чатырох праваслаўных геданістаў, што жывуць побач з брамай.
Калізей
“Глядзіце, вы бачыце неба такім, якім яго бачылі старажытныя – у абрысе Калізею.”
М. В. Гогаль
Аўтар «Вечароў на хутары блізу Дзіканькі» быў адным з найлепшых гідаў па Рыме. Ён прыводзіў сваіх сяброў у Калізей, які ў той час стаяў засыпаны больш чым на палову зямлёй, і прапаноўваў ім легчы пасярэдзіне арэны, каб адчуць веліч амфітэатру і повязь эпох. Гэта цяпер Калізей – галоўны сімвал Рыма, а да сярэдзіны 19-га стагоддзя, арэна была сімвалам паганства – чужой для горада, у якім панаваў дух Рэнесансу. Толькі вялікія памеры дазволілі яму захавацца, як толькі Рым стаў хрысціянскім, Калізей пачалі разбураць. Мармур з арэны ішоў на будаўніцтва новых палацаў, так, напрыклад, узводзіліся храмы Ватыкана.
"Мы наш, мы новы свет збудуем".
Калізей выжыў. Стаіць увесь пабіты, у лахманах, з-пад якіх тырчаць адныя рэбры, ды ўсміхаецца. Вось тут быў зуб, яго яму выбіў Мікеланджэла дзеля храма Святога Пятра, тут сківіцу знеслі, каб пабудаваць Палацца Фарнезі. Збіты на горкі яблык хуліган, якім захапляюцца ўсё дзяўчыны двара.

Без гогалеўскага "неба старажытных" у Калізеі няма чаго рабіць. Там доўгія чэргі, і паліць сонца. Пакуль дачакаешся ўваходу, дзяўчыны паспяваюць падпілаваць і пафарбаваць пазногці, матулі, дай ім волю, праверылі б малым урокі ды прыгатавалі б абед. Яно вам трэба? Там адныя сцены, стокроць бачаныя па тэлевізары. Можа лепш піць піва, седзячы ў бары, бо фразы: "Бачыў той Калізей – абы-што", шкодныя тым, што пачуюць вас, а не Гогаля.

Аднак я ведаю, што гэта не пра вас. Вы пад палючым сонцаў заўважыце, якую прыгожую цень адкідае арэна. Таму вось вам мая парада. Разам з Калізеем, звычайна наведваюць яшчэ Форум і Палаціна, менавіта ў апошнім месцы лепш за ўсё набываць квіткі, бо там амаль няма чэргаў. Каштуе ўваход 12 € дарослым, а дзецям да 18… ну зразумела, бясплатна. Няма падзелу на грамадзянства: дзяцей у Італіі любяць незалежна ад гербу на пашпарце.

Вернемся ў Калізей. У часы свайго росквіту ён мог прыняць да 87 тысяч гледачоў. Белыя з мармуру сцены вышынёй у 50 метраў здзіўляюць нават сучаснага чалавека, што ўжо казаць пра старажытных. Уздоўж усёй сцяны ў праёмах арак стаялі пазалочаныя фігуры імператараў і ваяроў. Кульмінацыяй усяго быў велічэзны ветразь чырвонага колеру, які раскрывалі пад час дажджу маракі, утвараючы дах над трыбунамі. На самой арэне праходзілі спаборніцтвы гладыятараў, цкавалі звяроў, ладзілі марскія баі.
"Хлеба, відовішчаў"
Была кроў, шмат крыві на пацеху публіцы.

Сёння мы ходзім па галерэях, бачым пляцоўку са шматузроневымі сутарэннямі, дзе трымалі гладыятараў, львоў. Сын залазіць на пастаменты і ўяўляе сябе ваяром. Дачка гэтай вясной праходзіла у школе "Старажытны Рым", адмыслова для яе практычны занятак па пройдзеным матэрыяле.

Калізей – вялікі помнік чалавецтву, якое прайшло шлях ад забойства дзеля забавы да каштоўнасці кожнага асобнага жыцця. Адно толькі шкада: нельга зрабіць, як раіў Гогаль, – пабачыць неба ў абрысе Калізея. У цэнтр ходу няма.




Адчуваць
Рым пазнаецца нагамі і сэрцам. А паколькі ў кожнага з нас свой рытм і даўжыня кроку, горад атрымліваецца розным. Безумоўна, ёсць знакамітыя кропкі, але не яны робяць наш успамін. У Рыме цікава гуляць, збіваць абцасы, па вуліцах, мастах, уздоўж Тыбра, заходзіць на выспы, узбірацца ўгору. Рым гэтае любіць і будзе ўдзячным. Няма тут на картах вуліцы Шчасця, але ёсць супадзенне грукату сэрца і поступу ног.

Знойдзеце ці не – ніякіх гарантый. Не адзін кіламетр мы прайшлі, каб выйсці на вуліцу Джуліі. Храмы, брукаванка, майстэрні ювеліраў, домам нумар 79 валодалі Медычы. Ужо потым даведаліся, што гэта першая прамая вуліца Рыму, што будавалі яе Мікеланджэла і Рафаэль. Мы проста сядзелі на каменных лавах з адчуваннем, што нешта знайшлі.
- Паста стыне, давай да хаты.
Уяўная Медычы-маці магла так клікаць дзіця дадому. Адсюль не хацелася ісці. Месца на якое вы магчыма ўвогуле не звярнулі б увагі, а мы ў ім нешта знайшлі.

Рым трэба прайсці, узняцца на пагоркі колькасцю сем. Адчуць, якім яго бачаць птушкі, з вышыні апельсінавага саду на Авентын. Потым зноўку ісці, спыняцца, каб выпіць кавы, набраць вады. Ляжаць на травах Вілы Баргезі, у ценю манумента Бакача быць закаханай парай.

Ісці, ісці, каб на захадзе сонца спыніцца. Хлеб, сыр, бутэлька віна. Недзе тут на Капіталійскам прыгорку пачалася гісторыя Рыма. Ваўчыца, Ромул, Рэм. Яна ўзгадавала іх сваім малаком. Мы сядзелі на прыступках, крышылі сырам. Прыйшоў вожык, потым жонка ягоная, дзеці. Вячэру дзялілі на ўсіх, быццам, за Ромула і Рэма прыродзе вярталі даўгі.

Рым для кожнага розны, але сапраўдны той, што выключна мой.
Вячэра, апельсінавы сад, Авенцін
Ньёкі
Тое што назва Клецка паходзіць ад "клець" (бярозавы параснік), ніяк не замінае нам пагуляцца ў словы.
- Уяві, калі б назва паходзіла ад клёцак?
- Ежай звычайна не называюць, наадварот бывае, як з той Пармай.
- Ну а ўсё ж, калі б ад клёцак? Вось у італьянцаў клёцкі – ньёкі, як бы тады Клецк называўся на італьянскі манер?
- Скажы яшчэ, што рэцэпт клёцак завёз сам Скарына?
- Канешне! Пад час вучобы ў Падуі Францыск мусіў харчавацца клёцкамі і пельменямі (равіолі) – звычайнай ежай студэнтаў. Можа тады горад зваўся б Ньёцак?
- Хутчэй Ньёкавічы ці Ньёкаў.
А як праламляецца беларускае ў італьянскім? Як па мне, дык цудоўна. Чырвоныя кеды лідскай вытворчасці пасуюць дарогам Італіі, а Палессе з кніг Марціновіча цікава чытаецца як у Ватыкане, так і пад шум Тырэнскага мора.

Дробязі? Можа быць. Пад перчаныя ньёкі са слімакамі ды пад халоднае тасканскае чаго толькі галава не надумае.
Згубіцца
Што за прынцэса, што ў Рыме не гублялася? Кінематограф падарыў нам безліч гісторый з падобным сюжэтам. У «Рымскіх вакацыях» знікла прынцэса Ана (Одры Хэпберн), у «Шалёна закаханым» гераіня Арнелы Муці «замуціла» ўцёкі з лавеласам Барнебі (Чэлентана). Калі раней прынцэс можна было пазнаць па пярыне і нейкай там гарошыне, сёння толькі Рым можа пацвердзіць высакародны статус доньі.

У фільме Вудзі Алена "To Rome with Love" шмат калізій, кахання, Іспанская лесвіцца, опера і, як без таго, каб адна з гераінь не згубілася. Чамусьці ў нашым пракаце стужка прайшла пад назвай "Рымскія вакацыі", як па мне, дык вакацыі – гэта калі да бабулі на вёску, а тут прыгоды, рамантыка, Рым. У гэтым горадзе трэба губляцца быццам кажуць нам з шырокіх экранаў. Губляцца, каб потым знаходзіць не сябе, а таго, каго варта шукаць усё жыццё.

Згубілася ў Рыме і мая прынцэса, не знарок – так здарылася. Яе прынц фотаапарата і штопара не даглядзеў, кудысьці спяшаўся. На маё шчасце прынцэса знайшлася. У горадзе, напоўненым сонцам і смакам, істотна не з кім ты прыязджаеш, а з кім яго пакідаеш.




Торрэ Арджэнтына
У 2012 годзе іспанскі археолаг Антоніо Мантэроса знайшоў месца забойства Юлія Цэзара, ім аказалася рымская плошча Торрэ ды Арджэнтына.
- І ты, Брут?
Здзівіўся Цэзар, калі пабачыў сярод людзей, што прыйшлі за ім: па адной версіі – сябра, па другой – сына. Гісторыя здрады, узмоцненая геніям Шэкспіра, атрымала дакладнае месца. Археолаг Мантэроса знайшоў пліту-помнік, якую ў гонар імператара паставіў яго прыёмны сын Актавіян. Згодна з гістарычнымі тэкстамі забойства адбылося ў курыі Пампеі, дзе засядаў Сенат Рымскай рэспублікі, але драматург перанёс падзеі ў тэатр Пампеі.
"Увесь свет – тэатр, а людзі ў ім – акторы".
Гісторыя займела дататковы цымус, а вольніцу з фактамі можна дараваць мастаку.

Саму плошчу Торрэ ды Арджэнтына археолагі раскапалі ў пачатку 20-га стагоддзя. Былі выяўлены рэшткі чатырох храмаў датаваных I стагоддзем да н. э. Апроч таго на, здавалася б, такой невялікай прасторы знаходзіліся два тэатры (Пампея і Бальбы), цырк Фламінія і, урэшце, курыя Пампеі. Усё гэта ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя знаходзілася ніжэй за ўзровень дарогі, што паказвае памеры культурнага слою італьянскай сталіцы. Колькі і чаго дзіўнага да нашага часу хаваецца пад зямлёй, можна толькі здагадвацца. Сюжэт фелініеўскага «Рыму», калі пры будаўніцтве метро раскопваюць палац у першазданнай прыгажосці, цалкам рэальны. Ён, канешне, не пачне на вачах губляць сваю прыгажосць, як у фільме, астатняе ўсё магчыма. Толькі вось з упэўненасцю можна сказаць, што адбудоўваць нічога не стануць. Пакінуць у тым стане, у якім знайшлі. Гісторыю не вернеш, іншая справа, што месца можа зайграць новым жыццём, як тое здарылася з Торрэ ды Арджэнтына.

Любіце катоў? Тады гэта ваша плошча: 200 катоў пасяліліся і жывуць сярод рэшткаў былое славы. Не падумайце, што гэта вартаўнік-катафіл разводзіць катоў на продаж. Усё легальна, з шыльдамі і надпісамі, што гэта іх месца жыхарства. Асабліва пазначана, што рымскіх пушысцікаў ды мурзікаў карміць забараняецца, бо яны потым удзячна пабягуць за вамі і могуць трапіць пад машыны. Так, гэта ўсё пра вулічных катоў, якім проста ахвяравалі гістарычную спадчыну. А колькі ў іх гонару, годнасці – не менш чым у таго Юлія Цэзара. Кожны – імператар і кароль у кожнай вусатай пысе. Чорныя, белыя, чарапахавыя, усіх нават адразу і не заўважыш, гойсаюць з камяня на калону, спяць пад аркамі, ляніва пазіруюць турыстам. Што там Цэзар, што там Брут? Арджэнтына належыць катам. І калі Сяргей Міхалок з брыгадай рэвалюцыянераў імя Арнелы Муці надумаюць тут выступіць, дазвол трэба будзе спытаць у катоў. Я нават ведаю, якім будзе іх адказ.
- І ты, Брута?

Дождж
Дождж у Рыме стаў для нас неспадзяванкай. Не тое, каб мы яго зусім не чакалі, але здзівіла яго частата: не ў Лондан жа мы прыехалі, у рэшце рэшт! Хаця колькасць вулічных гандляроў, што прапаноўвалі парасоны, магла б насцярожыць. У першы дзень дождж пакрапаў зранку, пратрымаўся да абеду, потым, відаць, добра падсілкаваўся нябеснай пастай ды прыняўся за старое. На другі дзень мы задумаліся, ці не купіць нам парасон, бо першапачатковая радасць ад скокаў па лужынах, саступіла месца незадаволенасці ад павышанай кучаравасці нашых валасоў. На трэці дзень парасон мы, нарэшце, купілі, чым разлічвалі спужаць дождж, але ішоў ён і ў наступныя дні. Парасон, канешне, ніякі, каштаваў 3 еўра і ўсім сваім выглядам пацвярджаў летуценнасць жыцця. Але ён усё ж зрабіў нас больш вольнымі ў выбары, дзе быць і куды нам ісці. Цяпер мы маглі паводзіць сябе, як той рабочы, што проста стаяў па пояс у канаве з раскрытым парасонам. Ішоў дождж, а ён па сярэдзіне брукаванай дарогі паліў сабе цыгарэту, радуючыся хвіліне незапланаванага адпачынку.
- Скузі, у Вас агеньчыку не знойдзецца?
- Прего, сіньор.
Дождж, ён у Рыме не доўгі, хвілін на пятнаццаць, прынамсі ў жніўні. Прайшоў і няма, а мы ёсць: турысты і мясцовыя, багатыя і бедныя, левыя, правыя і нават анархісты. Складаем свае парасоны, ідзем па Трастэверэ:
- Адзін, два, тры.. Дзевятнаццаць. На вуліцы ў 100 метраў – дзевятнаццаць Смартаў Міні.
- Мо па каве?
- А давай.
Летнім пасляабедзенным днём сонца і дождж аднолькава любяць усіх.
Карбанара
Аднойчы я вяртаўся з Рыма праз Вільню. Начны пералёт, потым ранішні цягнік – я адразу ж зваліўся ў сон. Пад грукат колаў я сніў марожанае, піццу, ліманчэла: нібыта, нехта расказваў, а я за кожным словам бачыў знаёмы мне смак, я нікуды не ўлятаў, вячэраю зараз недзе ў Рыме, хутка будзе дэсерт. Калі ж мяне разбудзіў праваднік, побач са мною сядзелі хлопец з дзяўчынай – гэта іх Італію я слухаў увесь час.

Італія смачная, як успаміны з дзяцінства. Калі бабуля на світанку распальвала печ і пякла нам аладкі. Малымі мы не ведалі, што такое шашлык, затое якім смачным быў мокры батон, што пасыпалі цукрам. Простыя рэчы, незабыўныя, смачныя.

Італьянская кухня па-хатняму свойская, тое што мы згубілі ў шматпавярховых будынках сучасных гарадоў, італьянцы змаглі захаваць. Дольчэ віта мусіць пачынацца з сябе.

Мы едзем у Італію, каб атрымаць асалоду. Гісторыя, культура, традыцыі, кухня – усё пераплецена, трэба пазнаць ўсё, каб пачуць сімфонію цалкам. Ніякай пагарды да ежы быць не можа, яна – частка культуры. Паганіні, Вэрдзі, Феліні – усе яны добра гатавалі, а Расіні нават пісаў кулінарныя кнігі.

"У Гальяни иль Кольони
Закажи себе в Твери
С пармазаном макарони
Да яичницу свари."
А.С. Пушкін
Усе словы будуць пустымі. Трэба кінуцца ў бойку з відэльцам і лыжкай і здацца ў палон на дэджыстыў. Пазнаць, што макароны могуць быць самадастатковай стравай, а кветкі цукініі з анчоусам выклікаюць гастранамічны аргазм.

Жыццё больш не будзе такім як раней: вы кінеце ламаць перад варкай спагеці, а на апошнія грошы купіце кулінарную кнігу, каб паўтарыць зведаны цуд. Халоднымі восеньскімі вечарамі станеце пужаць землякоў сваім "так, мы ў Італію есці", а пры выбары віна звяртаць увагу на рэгіён.

"Макароны аб’яднаюць Італію."
Гарыбальдзі
У 1861 італьянцы здолелі вызваліцца з-пад улады аўстрыйцаў і ўтварыць адзіную дзяржаву. Ці трымаецца еднасць Італіі на макаронах – хто яго ведае. Толькі тут на поўным сур’ёзе філосафы і ўрад абмяркоўвалі дактрыны рызотта і пасты. Што там левыя ці правыя – гэта потым пасля абеду вырашым. Дарэчы, умоўна перамаглі прыхільнікі пасты. Галоўнага ідэолага рызотта Марынэцці сфатаграфавалі за талеркай спагеці.

Рым у любым выпадку – гэта тэрыторыя пасты. Імя яе карбанара. Сімвалічна, што гэтая паста паходзіць з Рыму, сталіцы Італіі, да аб’яднання якой прыклалі руку Гарыбальдзі і яго карбанарыі. Карбон – гэта вугаль, а паста карбанара, яна белая з жоўтым: саюз вяршкоў, пармезана з беконам і спагецці аль дэнте. Лепшую пшаніцу для пасты вырошчваюць на поўдні Сіцыліі, пармезан паходзіць з поўначы, яйкі, бекон, напэўна, з Рыму, мясцовыя. Вось яна Італія, аб’яднаная мовай Дантэ і пастай аль дэнте.

Рымскія рэстараны не дарагія. Лічыцца, што лепшыя знаходзяцца ў раёне Трастэверэ. Яны ўсе розныя, з вайфаем і без, у некаторых можа не быць нават шыльды, а кухар будзе гатаваць не па меню, а па натхненні. Там не будзе раскошы палацаў і з срэбра відэльцаў, затое там вас чакае атмасфера дома і смак незабыўнай кухні, як у бабулі ў дзяцінстве.

Чынечыта
На лініі А рымскага метро ёсць станцыя «Чынечыта», а ў Мінску – незразумелае «Маскоўская». Што чакае чалавека, калі ён выходзіць на гэтай станцыі? Вуліцы такой там няма, гастраном «Маскоўскі» не заўважны таксама. Можа нехта кагосьці хацеў заблытаць, скіраваць у іншы бок? Партызаншчына чыстай вады, пры тым што побач месціцца нацыянальная кінастудыя. Наша Чынечыта. Цудоўная атрымалася б назва – «Партызанфільм», выбачайце, «Беларусьфільм».
- Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя....
“Чынечыта” перакладаецца як "горад кіно". Слова сугучнае з італьянскім "фелічыта", што па-нашаму значыць “шчасце”: на гэтай студыі нарадзілася новая плынь у кіно, неарэалізм. Фільмы Антаніоні, Вісконці, Феліні не толькі прынеслі славу студыі, але і сталі залатым фондам сусветнага кінематографу. Спадчына атрымалася настолькі велізарнай, што сучасным італьянскім кінематаграфістам увесь прыходзіцца даказваць сваю адпаведнасць папэряднім майстрам.

Сёння кожны жадаючы можа наведаць студыю і пабачыць павільёны, якія называюцца прыгожым словам "teatro". Святая святых – за нумарам 5, тут здымаў свае фільмы Феліні. Між тым знакамітыя кінавобразы Рыму ствараліся непасрэдна на вуліцах і плошчах, куды квіткі не патрэбны, і дзе лёгка можна адчуць сябе часткай кіно.

Каб паласавацца марожаным на Іспанскай лесвіцы ці прызнацца ва ўсім садзеяным перад Бока Верычыта непатрэбна ніякая студыя. Вось яны “Рымскія вакацыі”. Лёгка, нібы ў кіно, пераадолець 320 прыступак і апынуцца на вяршыні сабора святога Пятра. Вось яны героі фільма Феліні, якім можна ўсё, нават залезці пад струмяні вады на Трэві. Не дазволіць паліцыя? А вы паспрабуйце, гэта ж вам не красці веласіпед.

Рым можа сабе дазволіць ніяк не пазначаць кінаславутасці – і без таго турыстаў хапае. Калі ідзеш па вуліцы Венета, нічога не кажа, што тут здымаліся эпізоды “салодкага жыцця” багемы з удзелам фатографа Папараццы, чыё імя потым стала агульным. Рым сам па сабе – гэта ўжо гатовыя дэкарацыі, хоць зараз бяры ды здымай фільмы пра розныя эпохі і нават краіны. Такое адчуванне, што трапляеш у нейкі Діснейлэнд. Вось, напрыклад, што заўгодна можна было чакаць убачыць у Рыме, толькі не піраміду, а яна ёсць. Палкаводзец Цэстый, што ваяваў у Егіпце, з дапамогай тутэйшых зладзіў сабе вось такую сціплую пахавальню. Не заленаваліся прывесці адтуль і шматлікія абеліскі з характэрнымі для Егіпта выявамі, а каб не знішчылі, наверсе ўсталявалі крыжы. Ці вось іншы прыклад. Усім вядома, што на тэрыторыі Рыму знаходзіцца такая дзяржава як Ватыкан. Толькі гэта не адзіная краіна, якой даў прытулак Вечны горад. Ёсць яшчэ адна памерамі ў адзін двор – Мальтыйскі ордэн. Праз замочную шчыліну гэтай краіны можна пабачыць уласна Мальтыйскі ордэн, Італію і Ватыкан. А што такое сам кінематограф як не аўтарскі позірк рэжысёра праз дыяфрагму кінакамеры? Цікавага тут шмат, асабліва, калі ведаць гісторыю.

Ехаць на студыю ці проста гуляць – гэта не прынцыпова, бо па-сутнасці Рым – суцэльнае Чынечыта, дзе цэнтральнае месца займаюць не камяні ды спецэфекты, а звычайныя людзі.




Людзі
“Рым – гэта маці, якая нікога не абавязвае паводзіць сябе прыстойна. А рымляне – вялікія дзеці, смешныя і простыя, якія больш за ўсё жадаюць, каб ніхто не парушаў іх векавых традыцый.”
Федерыка Феліні
Што можа даведацца турыст пра рымлян? Хутчэй за ўсё, нічога. Кропкі перасячэння абмежаваныя і тычацца пераважна сферы абслугоўвання. Стоп. Гэта не тое слова, якое характарызуе ўзаемаадносіны мясцовых жыхароў і гасцей. Хутчэй – партнёрскія стасункі, дзе амаль не назіраецца звычайнага ў такіх выпадках паслужлівага: «Чаго жадаеце?» У Рыме няма адчування, што горад жыве дзеля турызму, хутчэй ён вымушаны прымаць яго як непазбежнасць, своеасаблівую адказнасць перад гісторыяй. Пры ўсёй глабалізацыі і адкрытых межах рымляне здолелі захаваць сваю ідэнтычнасць. Тут не сустрэнеш, як, напрыклад, у Іспаніі цэлыя кварталы, дзе жывуць адны турысты, а мясцовую мову не ведаюць нават афіцыянты. Пра яго нельга сказаць і сумнае: «Быў я ў тым Парыжы, там адныя арабы ды афрыканцы». Рым нейкім чынам абсарбуе замежнікаў, не дазваляе ім змяняць горад пад сябе.

Якія ж яны, сучасныя рымляне? Дакладна ведаю, шчодрыя. Нам у рэстаране рабілі зніжку ў 50%. Проста так. Незнаёмец на пляжы, заўважыўшы, што мяч у сына не трымае паветра, прэзентаваў дзяцям два абсалютна новыя.
- Падарунак. Бясплатна.
У прадуктовай краме касір спытаў ці ёсць у нас картка іх сеткі, пачуўшы нашае "no", дастаў з кішэні сваю і зрабіў нам зніжку ў 4€. Не ўзялі грошы і за праезд сына да аэрапорта, хаця па правілах мусілі.

Рымляне, яны іранічныя.
- Сіньор? Які ж я сіньор? Сіньор – гэта Бог, а я Амадэо.
Кажа нам афіцыянт і дае малым па цукерцы, на адной намаляваны леў, на другой – малпа, што супадае з сімволікай гадоў нараджэння дзяцей.
- Вялікі атрымаўся рахунак? Uno momento.
Складае паперку шматкроць і ўсміхаецца. Сапраўды, лічба ўжо не пужае.

Іншага не скажу, бо не ведаю. Мы бачылі на аўтобусным прыпынку такіх жа стомленых людзей, як пасля працоўнай змены на МАЗе. Эліта, багема? Турыстам яе не спазнаеш, а вось у пранізліва сумотнай "Вялікай прыгажосці" пабачыш.
- Хто я?
- Ніхто.
На фоне незвычайна прыгожага відэа, пад гукі музыкі, што цяжка забыць, – пустэча і бессэнсоўнасць людзей вымотваюць душу састарэлага Холдэна.
Вада
Вечны горад.

- А чаму ён Вечны? - Бо быў заўсёды. - А чаму ён не толькі быў, а такім і застаецца? "Вечны" – гэта ж пра тое, што ён і зараз "у форме". - Мо таму што ў ім заўсёды была вада?
Нафта? Кіньце, сёння барэль каштуе паўсотні, а заўтра тэхналогіі ператвораць той рублі ў капейку. Між тым кошт вады стабільны – 21 даляр за барэль. Пра што першае паведамляюць, калі знаходзяць новую планету? Ці ёсць там вада, ды і сам чалавек – гэта на 85% яна. Вада была і заўсёды будзе асновай жыцця. Катар, саўдыты – усё гэта былое, Беларусь – вось патэнцыйна самая багатая краіна ў свеце. І Рым будзе квітнець, бо ў ім заўсёды была сістэма вадазабеспячэння, яе пабудавалі яшчэ старажытныя рымляне. Горад безліч разоў разбуралі, але ён ізноў адбудоўваўся, бо дзе вада, там чалавеку зручна жыць.

Сёння мы ходзім па Рыму і паўсюль бачым крыніцы вады прыдатнай для піцця. Для нас турыстаў дый і для саміх рымлян – гэта проста збаўленне, бо ў спёку выпіваецца безліч вады, а тут яна проста дарма. Не паспяваеш напоўніць бутэлькі вадой, як трэба ізноў. Калі мы жылі побач з Ватыканам, звычайна выхад у горад пачынаўся з папаўнення запасаў вады з крыніц Святога Прастола. У Рыме летам, здаецца, можна не есці, а вось без вады ніяк.

Але сапраўдным бенефісам вады ў Рыме сталі яго фантаны, іх у горадзе каля 200, а раней колькасць даходзіла аж да 800. Яны, нібыта дыяменты на пярсцёнках, упрыгожваюць плошчы італьянскай сталіцы, а галоўны каштоўны камень – Трэві. Архітэктурны комплекс са статуямі і барэльефамі, фантан стаў візітнай карткай Рыма. Лайфхак – кіньце манетку ў Трэві, калі вам спадабалася ў Рыме, і тады абавязкова сюды вернецеся. Дарэчы, а куды трэба кідаць манеткі, тым, хто жадае вярнуцца ў Мінск? У Рыме за год з вады дастаюць да мільёна еўра. Хіба такія грошы былі б залішнімі для беларускай сталіцы? Фантаны каля Пантэона, на плошчах Іспаніі, Берберыні, Святога Пятра – ім прысвечаны кнігі. Вось маленькая гісторыя пра Фантан чатырох рэк, што на плошчы Навона.

Фантан аўтарства Берніні мусіў сімвалізаваць пантэон рымскіх багоў праз сімволіку рэк. І вось пад час будаўніцтва архітэктар Бараміні, які раней пабудаваў на плошчы Навона храм Святой Аньезы, сказаў Берніні, што той добра прыдумаў фантаны, але з водаправодам у яго будуць праблемы, не будзе біць вада. Сказаў ён тое з зайздрасці ці сапраўды нешта ведаў, толькі Берніні пакрыўдзіўся на Бараміні да такой ступені, што пасадзіў сваіх бостваў так, каб ніводнае з іх не глядзела на храм Святой Аньезы. А тое, што, як першапачаткова планавалася будзе глядзець на царкву, цяпер як бы выпадкова загароджвае погляд рукой. Мастака пакрыўдзіць лёгка, толькі адказ яго можа быць нечаканым.

А колькі фантанаў схавана ва ўнутраных дварах прыватных тэрыторый. Некаторыя з іх давялося ўбачыць. Адзін быў з залатымі рыбкамі, а другі бруіўся для навучэнцаў і выкладчыкаў школы.

Фантаны – гэта як з тортам. Быццам, не галоўная страва, але калі ён есць, адразу ўзнікае адчуванне свята. Так і фантаны, зусім не абавязковыя на плошчах, але гэтыя пырскі вады, гуляючы з сонцам, ствараюць атмасферу так неабходную гораду. І хто ведае, можа калі жывеш і навучаешся сярод такой прыгажосці, міжволі набываеш добры густ.
Прыгажосць
Форма карабінерам пасуе, але ж ці магло быць інакш у краіне-заканадаўцы мод? Мяркую, што не, бо Armani і Valentino не ўмеюць кепска шыць, а карабінеры – неадпаведна выглядаць. Італьянскія мужчыны сочаць за сабой: штотыдзень наведваюць цырульню, апранаюцца з густам і абутак заўсёды маюць чысты. Яны, канешне, таксама губляюць шкарпэткі, а муж нашай сяброўкі Тані нават вывучыў фразу па-руску:
- Gde moi nosochki?
Аднак гэта – сусветная змова жанчын – нічога не зробіш. А вось быць у форме – на гэта мужчыны здольныя. Мы за ўвесь час убачылі толькі аднаго карабінера з пузам, і тое недзе ў далёкіх закутках аэрапорта. Відаць, ён проста згубіўся, нібы той кот, і яго прытуліла якая-небудзь сіньёра, а каб не збег, напэўна, корміць яго без перапынку смачнай карбанарай. Астатнія ахоўнікі правапарадку – зграбныя і падцягнутыя. Форма пасуе і жанчынам, яна не робіць іх мужчынападобнымі, а падкрэслівае іх прыгажосць.

Давялося пабачыць і вайскоўцаў: турбулентнасць у свеце прымусіла ўрад задзейнічаць іх дзеля забеспячэння спакою на вуліцах. Чорная форма, капялюш з залатой кукардай да з пяром глушца на баку – так выглядае італьянскі стралок bersaliere. Капялюш называецца "Вайра", носяць яго па-піжонску, набакір, хаваючы мочку правага вуха.

Гэта Італія, тут галоўнае прыгажосць. Гатуеш ты піцу, шыеш вопратку, ствараеш суперкар ці мапед – усё мусіць быць прыгожыжым. Не кроў, а прага прыгожага робіць сучасных італьянцаў нашчадкамі як дзеячоў Ренесансу, так і старажытных рымлян. Прыгажосць – гэта нетолькі эстэтычны момант, а гэта яшчэ павага да працы і людзей. Жыць прыгожа, смачна ды з густам. Таму добрая вопратка карабінераў і вайскоўцаў – гэта усё не выпадкова. З пер’ем стралкам напэўна нязручна, затое па-шляхецку шыкоўна.
Vespa, матаролеры
Сустрэцца
З кім бы я хацеў ды так і не сустрэўся ў Рыме?
- З Франчэска Тоцці, легендарным капітанам футбольнага клуба “Рома”. Усю кар’еру Франчэска праводзіць у адным клубе. Дарэмна яго заваблівалі славай у Мадрыд, ён не спакусіўся на нафтадаляры шэйхаў.
- З Рабэрта Беніньі. Жыццё цудоўнае, а яго ход – здымаць у кожным сваім фільме сваю жонку – геніяльны.

З кім мне ніколі не сустрэцца, а хацелася б:
-З Джардана Бруна. Я б паказаў яму інтэрнет.
- З Мікеланджэла. Проста здалёк паглядзець бы, як ён малюе той дотык.
Піца
- Сіньор, сіньор, у нас добрая піца. - Печ на дровах? - Вядома.
Звычайна там, дзе так заклікаюць, нічога добрага чакаць не прыходзіцца. Я б яшчэ прайшоўся, пашукаў ціхенькую вулачку, куды турысты не даходзяць, а кліенты пераважна з мясцовых. Толькі на гадзінніку ўжо 3-я, а ў такі час італьянцы ўжо паабедалі, у лепшым выпадку папіваюць сабе каву з цірамісу. Да таго ж дзеці віснуць на руцэ, усім сваім выглядам паказваючы, што калі я не кіну так здзекавацца над імі, і мы не зойдзем у гэтую піцэрыю, мяне чакае вясёлая старасць. Выбар такі, што яго няма, – трэба заходзіць.

Атрымаўшы нашую згоду, італьянец выбягае на сярэдзіну чатырох палоснай вуліцы і ўскінутымі ў гору рукамі намагаецца спыніць аўтамабільны рух.
- Сіньоры вырашылі пакаштаваць нашу піцу!
У гэты момант, відаць, спыніліся таргі на рымскай біржы. Тэлекампаніі накіравалі свае элекоптэры на скрыжаванне вуліц Пепероні і Тальятэлі. Жанчыны кінулі ўсе свае справы: малыя плачуць, рагу а-ля баланьезэ пачало падгараць. У барах цішыня, парламент за хвіліну прымае лёсавырашальны закон, які дазваляе турыстам, што пажадалі паспытаць піцу, пераходзіць дарогу, дзе і як ім заўгодна. Толькі мы беларусы ведаем, што закон пачынае дзейнічаць з подпісам Прэзідэнта і пасля публікацыі ў адпаведных СМІ, а на гэта спатрэбяцца яшчэ пару хвілін. Таму, каб не чакаць, мы рушылі да светлафора.

Піца – гэта Італія. Маргарыта – колераў італьянскага сцягу. Чатыры сыры – як сыны, Гарганцола, Скаморца, Ды Фантына і Гран Падана, – годныя хлопцы, сем’ямі сабраліся на Ферагоста. А вось сама Капрычоза – свавольная модніца, у кожным рэгіёне ў новых спадніцах-інгрэдыентах. У падсмаленым подыху Везувію нараджаецца лепшая піца ў свеце – Напалі: белае мора мацарэлы, у хвалях якога гуляюць анчоўсы.

Што робяць італьянцы такога і чаму не атрымліваецца ў іншых? Самы лагічны адказ – яны маюць лепшыя прадукты і ведаюць, як іх спалучаць. Папулярная ва ўсім свеце, на сваёй гістарычнай радзіме піца тонкая, і прыносяць яе неразрэзанай. У залежнасці ад соўса асновы падзяляецца на белую і чырвоную, а галоўным інгрэдыентам лічыцца сыр.

Піцу любяць старыя і дзеці. Нам было смачна.
- Граці, сіньор.
Ватыкан
"Данк Ю", – кажа расейскамоўны хлопчык лацінаамерыканскім манашкам, якія пагадзіліся з ім сфатаграфавацца. Розныя мовы, далёкія кантыненты сустрэліся на галоўнай плошчы каталіцкага свету. Яны пачулі адзін аднаго, зразумелі праз мешаніну моў, усмешкай і жэстамі, што каму трэба.

Быць пачутым, дагрукацца да сэрца сучаснага чалавека – справа складаная, але для царквы вырашальная. Нягледзячы на ўсе здабыткі і палёты ў космас, чалавек па сваёй безабароннасці і кволасці прасунуўся не на шмат далей за свайго першабытнага продка. Ён разумее, як будаваць гарады і забіваць сабе падобных, а вось цуд жыцця дагэтуль растлумачыць не можа.
- А колькі дывізій у Папы Рымскага? – спытаў Сталін у Чэрчыля. - Можаце паведаміць майму сыну Іосіфу, што з маімі дывізіямі ён сустрэнецца на нябёсах. – адказаў Пій ХII.
У 1929 годзе Мусаліні падпісаў акт капітуляцыі перад Ватыканам, што стала завяршэннем шматгадовага супрацьстаяння італьянскай дзяржавы і царквы. Да гэтага часу Італія жыла без ласкі Папы, а для каталіцкай краіны тое было недапушчальным.

З цвёрдасцю Ватыкана сутыкнуліся і немцы, калі ў 1943 увайшлі ў Рым. "У выпадку парушэння мяжы дзяржавы, будуць пачаты баявыя дзеянні, у якіх гвардыя будзе змагацца да апошняга патрона", – з такой заявай выступіў Святы Прастол. Немцы былі вымушаны саступіць.

Моц Ватыкана не ў памерах дзяржавы і колькасці войска, а ў веры і інстытуцыях, што закранаюць жыццё людзей па ўсім свеце. Агульная плошча Ватыкана – палова квадратнага кіламетра, але на гэтай тэрыторыі знаходзіцца культурная скарбніца чалавецтва: Сабор Святога Пятра, Ватыканская бібліятэка і музеі, сярод якіх асобнае месца займае Сікстынская капэла з фрэскамі Мікеланджэла.

Мы ўздымаліся на купал Сабора Святога Пятра, бачылі, як плошча запаўняецца людзьмі, што жадаюць пачуць слова Папы. Гулялі, глядзелі, слухалі, а Сікстынскую капэлу ўсё адкладалі на потым. Быццам, нешта смачнае, што пакідаеш на прыканец. Зрэшты, чым не нагода вярнуцца ў Рым, калі на тое будзе ласка нябёсаў.

Без цуду ніяк не завершыцца і гісторыя з паштоўкай. Набыў прыгожую, добрыя словы напісаў, прыляпіў паштовую марку дзяржавы Ватыкан, кінуў у паштовую скрыню і... тут для мяне дайшло, што адрасата я не пазначыў. "Дзядулю на вёску" адправіў, так бы мовіць. А можа спраўдзіцца цуд, і яна дойдзе. Не ведаю як, можа праз абʼяву па Ватыканскім радыё мяне знойдуць або ў дзяржаўным весніку Ватыкана яе дэшыфруюць і дашлюць па патрэбным адрасе. Неабавязкова зараз, можа праз гадоў 50, каб ведаць. Я веру.
Ватыкан, Плошча Святога Пятра
Кампо дэй Фіоры
"... І не трэба так трагічна, дарагі мой. Глядзіце на гэта з уласцівым вам гумарам ... З гумарам! У рэшце рэшт, Галілей-та ў нас таксама выракаўся. - Таму я заўсёды больш любіў Джардана Бруна ... "
Рыгор Горын "Той самы Мюнхгаўзен"
“Поле кветак” – так перакладаецца назва пляца Campo dei Fiori. Гэта калі рабіць тое дакладна, у стылі гугл транслэйт. Дадамо трошкі ўяўлення і "поле" ператвараецца ў "мора", а з глытком віна – перад намі цэлы сусвет: кветак, зор.

Вандраваць без фантазіі сумна, і без ведання фактуры перад вачыма застаюцца выключна голыя камяні і нейкія людзі, што мітусяцца навокал. Каб растлумачыць гэтую думку, варта прыгадаць дзяцей. Ім цікавая гульня, а цуды архітэктуры і шэдэўры мастацтва іх не кранаюць праз ўзрост і малы жыццёвы досвед. З часам яны дойдуць да ўспрымання прыгожага, прачытаюць цікавыя кнігі і зразумеюць веліч гісторыі і ролю асобаў у ёй. А пакуль толькі абяцанае марожанае можа прымусіць іх слухаць, навошта ў такую спёку бацькі зацягнулі іх у гэтае месца.

Мора, сусвет, кветкі. Колькі ў свеце кветак? Ці падлічваў хто-небудзь? А зор? Прыкладна тая ж бясконцасць, што зразумела сёння кожнаму. «У Сусвеце існуе незлічоная колькасць целаў, падобных да нашага Сонца», – сказаў Джардана Бруна і яго спалілі. Менавіта на Campo dei Fiori. Зрабілі тое было цішком, бо баяліся, што яго словы і ідэі прывядуць да чарговага падзелу царквы. Затрыманы па даносе свайго вучня, імя якога не вартае ўспаміну, Джардана Бруна правёў за кратамі шэсць год. Катавалі, абяцалі рознае – усё вытрываў. «Спаліць – не значыць абвергнуць!» – і быў такім. Амаль праз тры стагоддзі на месцы страты паставяць помнік, але для царквы Джардана Бруна да гэтага часу не рэабілітаваны. Сёння на Campo dei Fiori – рэстарацыі і кавярні, шторанак тут праходзіць кірмаш, дзе гандлююць пераважна бангладэшцы. Кветкі, прысмакі, гэтак жа, як і людзі з розных краінаў, спраўджваюць думку філосафа пра разнастайнасць жыцця. Ён казаў пра космас? Няхай так. Для мяне ж космас тут, на пляцы.

Між тым у Рыме спякотна. Гойсаюць ровары, веспы. У рэстарацыі “Ла Карбанара” гатуюць карбанару. Дзеці з матуляй заходзяць за марожаным ў кавярню “Mama mia”. Я сяджу на прыступках дома насупраць, сёрбаю замарожаны напой з мяты.

Месца на Campo dei Fiori хапае ўсім, а зорак у небе - бязмежнае мора.
Плошча Campo dei Fiori
Мора
Усё ў нас беларусаў ёсць. Свая краіна, чэмпіён па футболе, металічныя грошы ў кішэнях, напоі, урэшце, мова на якой я пішу, размаўляю дома. Толькі мора няма, а ёсць сум, што калісьці было ад мора да мора.

Спадар любіць горача – Чорнае мора, таварыш не любіць купацца, паважае з паненкай шпацыр – вось вам Балтыйскі прыліў. Было і няма. Ёсць рэкі, азёры, а на губах не стае солі, калі выходзіш з пад хвалі. Ды якія там хвалі? Галасы замежных краін хіба што.

У рымлян ёсць мора. Пятнаццаць кіламетраў па мапе, трыццаць хвілін цягніком. За тысячагоддзе Вечны горад так і не стаў партовым, затрымаўся за крок да вады. Мора для Рыму – гэта ўцёкі са спякотнага горада ў лета, Mare Nostrum, па-нашаму – лецішча.

Мы едзем да яго шторанку. Перасадка на станцыі Piramida, крама з напоямі, у пясок парасон. Купаемся, загараем, скурай аблазім. Нашы замкі змывае вадой. Недзе тут здымаў фінальную сцэну "La Dolce Vita" Феліні. Мора, сосны, бяссонны Рым, прыгажосць дзяўчыны.

Пайшлі тытры:

Fine
Наверх