LOADING

snow

СНЕГ

Хутка Каляды, а снегу няма. Нашыя продкі ў яго гонар нават месяц назвалі, не роўня незразумеламу “дзекабру”, а ён не ідзе. Шанавалі, песні яму складалі, ды якія, найпрыгажэйшыя! Ад савецкіх беларусаў — “Завіруха”, ад незалежнай Беларусі прыміце “Снежань, студзень і люты” з “Народнага альбому”. Няма. Заходзіў аднойчы, разбудзіў Макарку, той натуральна скакаў ад захаплення — снег, а там Новы год і прадчування святаў ды падарункаў. І да абеду растаў. Напэўна, калі ствараўся свет і сонцу загадалі, ты боўтаешся тут, а навокал верцяцца планеты, дык вось снег для беларусаў павінен ісці менавіта ў гэты месяцы, каб неяк кампенсаваць ім цёмныя дні. Ні сонца, ні снегу. Ужо крамы ўпрыгожылі каляднымі матывамі, кожны ў сваё размаляваў елачныя шары — беларусы чакаюць снегу. Усе, толькі не я. Нехта можа не прымаць Нобеля і яго лаўрэата Святлану Алексіевіч, а я не прымаю снег. Ён для мяне слізкі, варожы і люты. Нехта кажа, што Алексіевіч не пісьменнік увогуле, а ў мяне мёрзнуць ад холаду рукі і расце жаданне запусціць у тых крытыкаў снежкай. Не люблю і ўсё. Для беларусаў няма аўтарытэтаў: усе — самыя разумныя, бурчым кожны пра свае, быццам эксперты ва ўсім. А я, як бачыце, спецыяліст па снезе, апазіцыянер, спёкі найміт. Легка пераношу +40, але пры паказніках у мінус, як здраднік радзімы, жалобна енчу. Снег, снег, а мне дастаткова проста чыстага неба і жоўтага сонца.

Мой бацька памёр ад інфаркту, проста зваліўся на снег і сышоў. Ішоў моцны снег, калі я нарадзіўся. Быў сакавік, быццам вясна. Таму, снег, калі і ты прыйдзеш, давай лепш у снежні. Мы зладзім з дзецьмі бабу і замкі, а змерзлыя рукі я неяк сугрэю глінтвейнам ды прачытаю што-небудзь з Святланы Алексіевіч, бо сорамна не ведаць творчасць чалавека, якім ганарышся.

Андрэй Дзмітранок