LOADING

mih

ПЕРСАНАЛЬНЫ МІХАЛОК

Працэсы вакол распаду «Ляпіса Трубяцкога» ўсё больш нагадваюць падзеi ва Украiне. Распачатыя ўвесну мінулага года, яны то распальваюцца, то заціхаюць, а міру паміж былымі таварышамі не прадбачыцца. Апошнім эпізодам стала забарона Міхалка гурту «Трубяцкі» выкарыстоўваць ляпісаўскую спадчыну. «Яны сепаратысты, усім дазваляю, а «Трубяцкому» не». Тым часам ва Украіне пала Дэбальцава.

Можна доўга спрачацца наконт творчасці Мiхалка, але яна заўсёды адпавядала часу. Разбэшчаныя 90-ыя патрабавалі заліхвацкі гурт «Ляпіс Трубяцкі». Ранетае сэрца беларуса адчула яскравасць тэксту простага хлопца. «Ён свой, родны, такі, як я» — і ўсе заспявалі яго песні. Маскоўскія таварышы тэлевізарам і радыё пашыралі народную любоў да памеру былога саюза. Адначасова з прыхільнікамі з’явіліся і незадаволеныя. «Ён не той, вось бы…» — бурчала публіка. Які Міхалок насамрэч, мала хто ведаў, успаміны сяброў і калег паказваюць толькі вяршыню.

Контркультурны перыяд пачатку 2000-х прывёў Ляпісам новага слухача, шматлікія прыхільнікі «бярозак» зацягнулі песню пра «ён ужо не той», а Міхалок, здаецца, намацваў тое, што кранала ўласна яго. Як кажуць, можна вывесці дзяўчыну з вёскі, але вёску з дзяўчыны немагчыма. Міхалок пайшоў у адрыў ад астатніх удзельнікаў, якім больш падабалася спяваць пра рамонкі. Добра адчуваючы гістарычны момант, Міхалок змяняецца разам з часам ці апярэджвае яго. Неафіцыйны гімн Майдану «Воины света» быў запісаны напярэдадні гістарычных падзей і стаў вяршыняй творчасці «Ляпіса Трубяцкога», калі далей толькі ўніз. Пасля рэвалюцыі, калі Януковіч збег, пачаўся Крым, потым падзеі на ўсходзе Украіны сталі нагадваць звычайную вайну, у такіх умовах «Ляпіс Трубяцкі» проста не мог далей існаваць, бо супярэчыў рэчаіснасці. Вясёлыя малюнкі натуральна саступалі месца простым выразным формам імя якім «Brutto» (Брыгада Рэвалюцыйнага чаду і Творчага адпору імя Арнэлы Муці).

Незадаволенасць элітаў Мiхалком стала нормай, пры гэтым ён працягвае збiраць стадыёны прыхiльнiкаў. Даўно трэба было б распрацаваць такую гульню, у якой кожны будзе мець магчымасць мадэліраваць ідэальнага Міхалка. У опцыях выбар мовы, лексікі, музычнага стылю і характару паводзін. Бо інакш «падманутыя спадзяванні» ніколі не скончацца, заўсёды застанецца нехта незадаволены тым ці іншым.

Забарону на выкарыстоўванне тэкстаў Сяргей Міхалок тлумачыць разыходжаннем у поглядах. Звычайная фармуліроўка ў сямейным разводзе тут нічога не праясняе. Атрымалася, што панкаўскі паўэр-ліфтынг не сумяшчальны з ракенрольным кавербэндам. Абвінавачванні ж у бок Міхалка ў яго праварадыкальным павароце гучаць несур’ёзна. Гэта больш падаецца праектам мэтанакіраванага цкавання з боку галоўных аб’ектаў яго крытыкі праз кантраляваныя еўрапейскія і мясцовыя структуры. Ва ўмовах, калі Міхалку не даюць выступаць у Беларусі, а былыя таварышы паспяхова гастралююць па краіне, узнікае простае пытанне салідарнасці з аўтарам. Не «гары і мая хата таксама», а звычайная падтрымка, без якой добрыя стасункі былых калег увогуле немагчымыя.

Незадаволенасць элітаў Мiхалком стала нормай

Пакуль жа «Трубяцкі» выглядае як поезд без лакаматыва. Дабротнай музыцы не стае годнай паэзіі. Яны проста не паспяваюць за бадзёрымі атлетамі з «Brutto». Як бы там не было, заўсёды застаецца шанец, што ў цяжкую хвіліну нехта таварыш-iкс падтрымае iх добрым тэкстам. Прыкладна, як некалі Пласіда Дамінга таемна дапамагаў свайму галоўнаму візаві Хасэ Карэрасу пераадолець цяжкі перыяд у жыцці, так Міхалок інкогніта будзе дасылаць тэксты на электронную скрыню «Трубяцкога». Ці верагодна гэта? Вось скончыцца вайна ва Украіне, і тады ўсё магчыма, нават «Ляпіс Брутта Трубяцкі», а якім ён будзе, змадэлюйце самі ў гульні «Персанальны Міхалок».

Андрэй Дзмітранок

///
Было надрукавана на сайце газеты «Наша Ніва»