LOADING

le

ДЗЕНЬ ДОБРЫ, ЛЕНІН

Некалькі год таму, напярэдадні ўводу новых транспартных мыт давялося вяртацца з Вільні на аўто. Сябра з дапамогай перагоншчыка набыў сабе аўтамабіль і мы разам ехалі на Беларусь. Ужо ў дарозе перагоншчыку патэлефанавалі яго літоўскія знаёмыя і запрасілі да сябе на лецішча, што знаходзілася амаль ля беларускай мяжы. Як і ўсе прымежныя жыхары памагаты добра ведаў кан’юнктуру рынка і бізнес на аўтамабілях быў толькі часткай яго прыбытку. Гандаль цыгарэтамі ды аўтамабільным палівам можа і падрываў эканоміку адзінай Еўропы, але спрыяў будаўніцтву катэджаў па абодва бакі мяжы. Феномен прымежнага гандлю варты асобнага больш уважлівага разгляду, драматургіі і каларыстыкі хопіць не на адзін добры раман. Тут цікавы іншы факт — на ўчастку лецішча сярод глухога лесу стаяў велізарны помнік Леніну.

Калі Літва атрымала незалежнасць, манументы савецкаму лідару імгненна папрыбіралі, каго ў музей таталітарызму, каго проста на перапрацоўку. Гэты помнік проста выкупілі і ўсталявалі ў сябе на лужку сярод кветак і градак з бульбай. Выраз “Ленін жыў, жывы, будзе жыць” у дачыненні да правадыру камунізму цалкам спраўдзіўся. Так ці інакш ён працягвае ўплываць на ход падзей. Калі ў Кіеве пад час Майдану зносілі помнік, тое стала адным з момантаў абвастрэння сітуацыі, спробы паўтарыць у іншых гарадах нязменна прыводзілі да мясцовых хваляванняў. На Беларусі ж Леніну нічога не пагражае, як сімвал стабільнасці і пераемнасці БССР, ён супакойвае як саміх беларусаў так і пільных да захоўвання савецкай гістарыяграфіі расіян. Адзіныя спробы нешта змяніць, робяцца хутчэй з дурноты, як выпадак у Брэсцкай вобласці, калі юнак чапляўся на Леніна, але сам зваліўся ў выніку чаго атрымаў інваліднасць. Нібы ў гісторыях пра прывідаў егіпецкіх пірамідаў, што ахоўваюць памерлых, помнік сябе абараніў.

Чалавецтва ня здольнае існаваць без сімвалаў. Імі надаецца сэнс сённяшняму дню і тлумачыцца гісторыя. Як усё 20 стагоддзе стала водгукам стрэла ў Сараева з першай сусветнай, ворахам рэвалюцый, гібеллю імперый і другой больш жудаснай вайной. Толькі ялцінскія дамоўленасці неяк супакоілі чалавецтва. Не Ленін, а куля, стала сапраўдным правадыром новага часу, нібы усёразбуральны матылёк з апавядання Брэдбэры, ён змяніў рух гісторыі. Узвядзенне і руйнаванне помнікаў ёсць ні што іншае як спроба надаць сімвалізму гістарычнаму моманту. Жаданне ўкраінцаў пазбавіцца савецкай сімволікі прывяло не толькі да перамогі Рэвалюцыі годнасці, але і стала адным з крокаў да страты Крыма. Зараз можна колькі заўгодна заяўляць, што Крым — гэта Ўкраіна, ўсе разам суцяшацца і салідарызавацца з украінцамі, але кантроль там страчаны. Расія плануе ўзмацніць сваю вайсковую групоўку і ў выпадку абвастрэння выкарыстаць ядзерную зброю. Вырашальным момантам у пытанні, каму належыць Крым, з’яўляецца канстатацыя таго, што большасць жыхароў паўвыспы задаволена такім вынікам. За 23 гады незалежнасці прарасійскія жыхары не адчулі сябе часткай Украіны і марылі аб інтэграцыі з Расіяй. Гэты факт з’яўляецца для ўсіх відавочным, але яго нельга агучваць, бо гэта пазбаўляе веры ва ўкраінскую дзяржаву. Табуіраванасць пэўных тэм, калі думаюць адно, а ўголас кажуць іншае, уласціва ўсім народам. Для беларусаў — гэта Вільня. Нельга агучваць, але значная частка грамадства ўспрымае яе сваім горадам, які было б ня блага вярнуць. Усе гэтыя паездкі ў акропалісы, нібы частка эканамічнай беларускай экспансіі з разлікам на тое, што самі літоўцы з’едуць на захад і Вільня спакваля стане нашай. Лёгкае пытанне пра Крым, складанае неталерантнае пра Вільню.

Знаёмыя перагоншчыка сустрэлі нас даволі добра: частавалі шашлыком, напоямі, прапаноўвалі застацца на некалькі дзён. Потым доўга скардзіліся на Брусель, на разваленую эканоміку сваёй краіны. Ім вельмі хацелася жыць як у нас, яшчэ крыху і яны здаліся б нам у палон. Удзячныя, мы не аспрэчвалі іх успрыманне нашай краіны, дзякавалі і рушылі далей. Эканамічная дзейнасць памежнага люду, нават калі яна паўлегальная, добра дэманструе, што паразуменне магчыма пры ўліку інтарэсаў усіх бакоў. Еўропа даўно зразумела, што адзіным вырашэннем тэрытарыяльных пытанняў з’яўляецца размыцце межаў, як у выпадку з Эльзасам і Латарынгіяй, а калі зрабіць гэта не атрымліваецца, застаецца выключна жорсткае табу на гэтыя тэмы. Межы нельга правіць: гэта павіны зразумець усе.

Мы з’ехалі з думкамі пра Вільню, а Ленін застаўся ў лесе як настальгія літоўцаў па маладосці і савецкаму ладу жыцця, нібы стрэльба, прыхаваная ў спадзевах, што яна яшчэ можа стрэліць, і тады ўсё раптам зменіцца. Відавочна, і мары беларусаў пра Вільню — наш асабісты помнік, які мы даглядаем, шануем, рэгулярна падфарбоўваем і спадзяемся, што аднойчы ён зойме належнае месца. Але ж мары ж на тое і мары, таму што могуць цудоўна існаваць у адрыве ад рэчаіснасці, а жыццё — не п’еса: некаторыя рэчы так і правісяць увесь час на сцяне, бо ў Драматурга на нас іншыя планы.

Андрэй Дзмітранок