LOADING

paris

Je Suis Paris

Мы ўсе пра ўсё ведаем і я тут не выключэнне. Мы настолькі разумныя, што можам нават яшчэ іншых выратаваць сваімі парадамі. Толькі чамусці ніхто нас аб гэтым не просіць, што балюча і нават прыкра.

13 лістапада ў Парыжу адбыўся шэраг тэрарыстычных актаў, загінула 129, больш за трыста параненых, а мы адразу ведалі, што рабіць Еўропе ў гэты момант. “Дагуляліся ў сваю талерантнасць.” — казалі людзі і чаплялі на свае аватаркі колеры французскага сцяга. Мала каго засмуціў той факт, што блакітна-бел-чырвоныя колеры атасамляюць менавіта гэтую талерантнасць з базісам свабоды, роўнасці і братэрства. У людзей там сваякі, сябры, знаёмыя, жыцце якіх раптоўна стала пад пагрозай, пра нейкі ідэалы ніхто не думаў. Тое, што менавіта еўрапейскія падзеі выклікаюць спачуванне, падкрэслівае нашу прыналежнасць да Еўропы: ментальна, моўна, героямі Дзюма і фільмамі пра Амелі і Фантамаса. Мы таму і спачуваем, бо гэта пачуцце магчыма толькі ў дачыненні да блізкага. Цяжкасці афрыканцаў і азіятаў хвалюць нас прыкладна, як праблемы тубыльцаў з Пандоры: легка забываюцца, і ахвяраваць можна пры малейшай неабходнасці. Іншая справа Еўропа. Пад пагрозай каштаны, прагулкі па Елісейскіх палях, увесь дабрабыт, які для нас ніяк не суадносіцца са свабодай, роўнасцю, братэрствам. І няма разумення, што без іх атрымалася б іншая сістэма, як палітычная, так і эканамічная. Мэрсэдэсы ператварыліся б ў трабанты, вясёлы настрой а-ля Луі Дэ Фюнэс саступіў бы месца “Пакаянню” Абуладзе.

Мы шчыра не разумеем еўрапейцаў, але туды просімся ды павучаем. У нашых краінах невядома якая палітычная сістэма, нашы дзяды не мелі пашпартоў, а нацыя амаль не спазнала Рэнесансу ды Асветы. Ды што там казаць, сэксуальная рэвалюцыя прайшла ў паскораным фармаце. І пры гэтым мы вырашылі, што можам павучаць еўрапейцаў. Усё гэта нагадвае падлетка, які не жадае слухаць прафесара, і потым здзіўлена паглядае на “незалік”. Прафесар хаця ва ўзросце і стомлены, але не павіны есці боршч вашай жонкі, нават, калі гэтаму навучалі яе вы.

Андрэй Дзмітранок