LOADING

future

Ліст у будучыню

Апошнім часам стала папулярна пісаць тэксты ў выглядзе лістоў. Чаму б і мне не скарыстацца трэндам, а калі братэрская і сяброўскія кірункі занятыя, свой ліст я напішу незнаёмцу з умоўнага 2117 года.

«Шаноўны спадар Хо5А90і!

Калі ты чытаеш гэтыя словы, я ўпэўнены, што ўсё ў вас добра і вы не толькі не спазналі ядзернай зімы, але і здолелі стрымаць паўстанне машын.

Я спадзяюся, кава ў вас такая ж смачная, як у нас, а вырошчваеце вы яе, напэўна, на асобных планетах. Уяўляю такую Эрыду, на адной частцы якой калумбійскія каланізатары займаюцца кавай, а другая палова ўся ў агурках, бо належыць земляробам з Піншчыны. Веру, вы змаглі і не такое, розныя там міелафоны, транклюкатары і тэлепартацыі для вас — звыклая штодзённасць, а практычную алхімію вывучаеце ў пачатковай школе.

Табе, пэўна, больш цікава, як нам жывецца? Нішто сабе: ёсць, канечне, асобныя недахопы, але так, па дробязі. Напрыклад, дармаеды. Гэта ў ваш цудоўны час працуюць выключна машыны, а людзі занятыя сузіраннем і разважаннямі, як пра тое марылі старажытныя грэкі. У 2017-м усе мусяць працаваць, інакш — дармаед. Ты б не паверыў, але ў нас нават пісьменнікі трапілі ў лік дармаедаў. Уяўляеш? Людзі, якія бачаць далей і глыбей за ўсіх нас разам узятых, вымушаныя плаціць падатак. Разумею, што гэта часова, але пакуль так.

Цябе б здзівіў і той халівар (так мы называем дыскусіі на форумах), што зладзілі журналісту, калі ён пасмеў вызначыць 7 добрых момантаў у жыцці на Беларусі. Гэта ў ХХІІ стагоддзі беларусы — галоўныя геданісты чалавецтва, а пакуль бачыць добрае ў сваім жыцці шмат каму цяжка. Я нават баюся ўявіць, што было, калі б гэты смяльчак вызначыў не 7, а 77 момантаў. Ты б паглядзеў, колькі абурэння было, калі будавалі бібліятэку, а лядовыя палацы! Ты ж нічога такога не падумай, у бібліятэцы мы чытаем і захоўваем кнігі, а ў палацах ганяем у хакей. Дзіўныя густы нашых архітэктараў? Ну выбачай, трэба ж было з нечага пачынаць.

Мы ж пакуль толькі вучымся: будаваць, не атаясамліваць краіну з уладай, любіць сваё, паляпшаць, ганарыцца.

Думаеш, гэта лёгка — радавацца і шукаць тут нешта светлае з нашымі заробкамі і зімой у чвэрць года. Яшчэ як цяжка! Гэта ў Більбаа з яго сонцам і віном у святочным натоўпе пануе весялосць, а ў наш Новы год мне так і хочацца самому кінуцца ў бойку. Цяжка жывецца і нават бедна, але па індэксах шчасця наперадзе ідуць краіны не самага вялікага дабрабыту. Атрымаецца і ў нас: мы ўжо ведаем, як друкаваць грамадой кнігі, дапамагаць адзін аднаму без дзяржавы, навучымся і святкаваць, зразумела, калі будзем усміхацца і вітаць адзін аднаго. А пакуль нам цяжка знайсці нешта добрае ў краіне гэтаксама, як і адшукаць пазітыў у кожным з нас. Ты пасміхаешся, бо ведаеш, што мы пераможам, а мне давядзецца яшчэ трымаць адказ за свой аптымізм.

Вось неяк так асцярожна шукаем сябе ў краіне, сцвярджаючы, што Беларусь можа быць асэнсаваным выбарам для жыцця і можа сапраўды падабацца. Шэпчам, што варта бачыць не толькі кепскае, бо ўрэшце з тым і застанешся, у незалежнасці ад таго, хто пры ўладзе.

Табе напэўна ўсё гэта пацешна, а мне радасна, бо, калі ты чытаеш гэты ліст, — усё ў нас удалося. Таму ніякіх Хо5А90і — мой ліст да Тараса са светлага 2117.

Усяго найлепшага.

24.01.2017

Мінск, Беларусь»

Андрэй Дзмітранок
//
Друкавалася на сайце газеты «Наша Ніва»