LOADING

smog

ТУМАНЫ АДЗІНОТЫ

У мінскага фотамастака Вадзіма Качана ёсць серыя здымкаў пра Мінск і туманы. Чорна-белае фота соннага гораду, дзе людзі нібы частка таемнага працэсу жывуць і знікаюць у размазаных па небе кроплях вады. Пайшлі за хлебам, а сталі часткай культурнай прасторы, дзе туманы, мастацкі сродак, партал у альтэрнатыву шэрай рэчаіснасці. Ствараць жа альтэрнатыву — сутнасць Беларусі. Калі прыбраць нашыя вышыванкі, мову, талерантнасць, парадак, чым мы будзем адрознівацца ад рускага свету? Менавіта альтэрнатывай, тымі самымі дарогамі ды што ў нас славутая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, нават пры тым, што сучасныя беларусы такія самыя ліцвіны, як італьянцы — старыжытныя рымляне. Альтэрнатыва патрэбна, бо намаганнямі пэўных людзей так і сталі рэальнымі Вольскага Менск і Мінск. У першым жывуць адзінкі, але ж парталы адкрыты, хто хоча, той дойдзе, у адзіноце, самоце, насуперак усім.

Трэба прызнаць, што адсутнасць еднасці — самая галоўная наша праблема. Абумоўленая крывавымі войнамі, шэрым надвор’ем мы жывем адзінокія па асобку, адзінокімі як нацыя. Можна суцяшацца, што мы, беларусы — майстры адзіночнага бою, дзе адзін сам па сабе беларус можа легка стаць кіраўніком суседняй дзяржавы, суцэльна народ не выглядае носьбітам сілы. Менавіта адсюль нашае знакамітае “каб у суседа…”: барацьба з бліжэйшым, а вынікам усяго — усе загрызаюць адзін аднаго. Нас не аб’ядноўвае ні будаўніцтва бібліятэкі, ні спартыўныя мерапрыемствы, кожны малюе свае грошы, буйному кінапраекту шчыра зычаць правалу, толькі вось праблема у тым, што ў гэтым асяродку нянавісці і самаедства, з гаража выходзіць такі самы ўласны “авель”. Нам не стае еднасці і павагі да саміх сабе. Стаўленне да свайго з пагардай, губіць нас як нацыю. Усе паспяховыя людзі так ці інакш сапраўднага поспеху дабіваліся за мяжой, толькі потым тое прымаецца унутры краіны. Інакш не атрымліваецца. Пакуль пісьменік не атрымлівае Нобеля, яго топчуць заўзята адныя за мову, другія за словы. Усе, хто хоча чаго нечаго дамагчыся, вымушаны ісці да Беларусі праз Вільню, Кіев, Нью-Йорк. Рабіць пераклады на шведскую мову, бо на радзіме інакш не прызнаюць, з кожнай асечкі зробяць высновы — “ляпіс ужо не той, што раней”.

Самае цікавае, што ёсць зараз на беларускай прасторы — дзённік Андруся Горвата. Яго скарочана друкуе «Наша Ніва», цалкам ён даступны у сацыяльнай сетцы Фэйсбук. За расповедам маладога чалавека, што вярнуўся на землю дзядоў, гісторыя адзіноцтва, варожасць горада і, ўрэшце, грамадства, якое забылася, што хутка зіма, а разам цяплей.

Андрэй Дзмітранок