LOADING

is

Не выхад

Брытанія зрабіла гэта. Падданыя Яе Вялікасці Лізаветы прагаласавалі за выхад з ЕС, чым спарадзілі рух, здольны прывесці да тэктанічных зменаў не толькі ў Еўропе але па ўсім свеце. Адбылося тое раптоўна і нечакана, як у тым «Ледніковым перыядзе», дзе простая вавёрка ў жаданні паласавацца арэхам выклікае глабальныя пераўтварэнні. Толькі тут замест арэха былі словы пра вяртанне сапраўднай Вялікай Брытаніі і рыторыка на мяжы папулізму.

Брытанія пакідае ЕС, так вырашылі людзі сталага ўзросту, і гэта прынцыпова. Не занятак, не месца жыхарства і не вера, а менавіта ўзрост вырашыў усё. Памятаеце жарт пра пашпарт бабулі? Яго слушнасць брытанцы адчулі на сабе. Галасавалі сэрцам, а не розумам: не было ніводнага добрага прагнозу развіцця краіны ў выпадку сыходу з ЕС, і прагназаваныя цяжкасці ў эканоміцы пачаліся адразу пасля абвяшчэння вынікаў рэферэндуму. Буйныя кампаніі ўжо пераводзяць свой персанал і капіталы на кантынент, фунт страчвае сваю вартасць, рэйтынгавыя агенцтвы паменшылі рэйтынг краіны. На гэтым фоне Еўропа, пакрыўджаная і злосная, зробіць усё, каб наступствы былі адчувальнымі для брытанцаў. Бюракраты — яны і ў Бруселі бюракраты, бізнес тут не на першых ролях. Прыкладам гэтаму ёсць санкцыі супраць Расіі, якія былі прынятыя і дзейнічаюць нягледзячы на незадаволеннасць эканамічных кругоў. Верагодна, тая самая рашучасць будзе праяўлена і да брытанцаў, прынамсі ў назіральных педагагічных мэтах.

Чаго дамагаліся брытанцы, аддаючы свае галасы за выхад? Велічы і права кіраваць сваёй краінай? Калі раней брытанцы скардзіліся на бюракратаў з Бруселя, упэўнены, зараз яны будуць незадаволенымі бюракратамі Лондана. Тыповая псіхалогія кшталту нашага: «А яны ўсё адно зробяць па свайму». Між тым, без удзелу ў эканамічных і палітычных саюзах у наш час уплывовай краінай не станеш. Так, ёсць Нарвегія, заможная і ўтульная для сваіх грамадзян, аднак пра ўплыў і веліч краіны размаўляць не даводзіцца. Можна пагадзіцца, што асноўная задача краіны не імперскія амбіцыі, а шчасце і дабрабыт простых жыхароў. Толькі асаблівасць Нарвегіі ў тым, што яна жыве за кошт нафты і газу, а брытанская эканоміка з’яўляецца часткай глабальнай з усімі яе сувязямі. Замест таго, каб павялічваць сваю ролю ў Еўропе, брытанцы капітулююць перад той жа Германіяй, пазіцыі якой толькі ўзмацняцца. За сто гадоў ад былой велічы брытанскай кароны нічога не засталося: калоніі паадпадалі, так і чакай, Шатландыя з Паўночнай Ірландыя сыдуць. Ла Манш, адсутнасць шэнгену і сваю валюта дазвалялі праводзіць сваю палітыку, дамаўляцца. Гэтага болей не будзе, брытанцы сваім галасаваннем звялі сваю палітыку з глабальнага да пенсіянерскага клопату, што дбае пра стабільнасць і кансервацыю. А як быць маладым, якія прагнуць адкрытасці і глабалізацыі рынкаў і магчымасцяў? Між тым, гэта 48% актыўных людзей, вымушаных жыць страхамі пакалення, што сыходзіць. Цяпер Лондан – фінансавы і эканамічны цэнтр Еўропы, але без сувязей і ўплыву ў справах Еуропы, цалкам верагодна, статус можа змяніцца, бо гэта будзе ўжо іншая краіна з іншымі умовамі і магчымасцямі.

У чым веліч ЗША, Кітая і былога СССР? Усе гэтыя краіны мелі ўплыў і набывалі веліч праз удзел у справах па ўсім свеце: эканамічна, палітычна, калі заўгодна, і праз вайсковыя дзеянні. Новы час з глабалізацыяй патрабуе быць адкрытымі ў тым ліку і экспансіі, а брытанцы, наадварот, зачыняюцца.

Пра ўсё гэта нехта з чытачоў можа сказаць: “А што беларусам з таго? Нам не горача, не халодна, як працавалі так і працягнем.” Скажа, а потым прачытае навіну пра непрададзеныя трактары. Толькі вось гэты нехта не ведае, што шмат якая айчыная прадукцыя не мае належнай сертыфікацыі для продажу на сусветным рынку, а Беларусі такая колькасць умоўных несертыфікаваных трактароў не патрэбна. Гэта ўсё — глабалізацыя, і закранае яна не толькі эканоміку. Лявон Вольскі даў інтэрвью, з якога стала зразумела, што нават такі папулярны музыка амаль не зарабляе грошай са сваёй творчасці. Канешне, там палітыка, розныя абмежаванні, але іншага мы не маем, і вымушаны жыць ў гэтых умовах. Выйсцем выглядае выключна экспансія, пашырэнне аўдыторыі па-за межы Беларусі, як тое рабілі ў музыцы “Песняры”, а цяпер — Міхалок, Троіца, у літаратуры — Вішнеў, Марціновіч і Алексіевіч. Толькі набываючы моц і папулярнасць за мяжой, беларус атрымлівае фінансавую незалежнасць і свабоду ў дзеяннях унутры краіны. Своеасаблівы партал уваходу ў Беларусь знаходзіцца недзе ў берлінах і стакгольмах. Глабальная запатрабаванасць, як у беларускі сектару ай-ці, урэшце, працуе і на краіну.

“Брэкзіт” як спроба самаізаляцыі не выйсце, ні для брытанцаў, ні для нас, беларусаў, бо гэта супярэчыць часу.

Таму “брэкзіт” як спроба самаізаляцыі не выйсце, ні для брытанцаў, ні для нас, беларусаў, бо гэта супярэчыць часу. Эмігрантаў не стрымаць выхадам з ЕС, а наша балота можа засмактаць каго заўгодна. Таму, думаючы пра карані, трэба не забываць і пра зоры.

Андрэй Дзмітранок

///
Тэкст надрукаваны ў штомесяніку «Наша Ніва», №25 (958) 6 ліпеня 2016

nn-first