LOADING

notime

ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ ЧАСУ

На прыканцы красавіка адначасова па ўсім свеце пачнецца продаж Apple Watch, гадзінніка ад кампаніі Apple. Можна не сумнявацца ў поспеху чарговай навінкі ад яблычнай кампаніі. Ужо на наступны дзень, калі ў вас на руцэ не будзе яго, можна смела казаць, што вы не паспяваеце за часам.

Гэта ня першы разумны гадзіннік, іншыя кампаніі ўжо выпусцілі свае версіі, але супольнасць чакае выхаду менавіта Apple Watch, бо тэндэнцыі ўжо каторы год вымяраюцца па прадукцыі кампаніі легендарнага Стыва Джобса. Жыццёвы тэрмін кожнага падобнай прылады складае максімум некалькі год і колькі б каратаў не было на iphonе, яго прыйдзецца мяняць на новы. Незаўважна, кампанія з Купертына ўсталявала новыя параметры успрымання часу.

Колькі жыве сучасная навіна? У лепшым выпадку некалькі дзён, актуальнае хвіліну назад лёгка можа быць заменена іншай падзеяй. Раней, яшчэ ў 90-х пра вынікі суботніх гульняў еўрапейскіх чэмпіянатаў можна было даведацца выключна с “Прэсбола”, што выходзіў па аўторках. Сёння інфармацыя прыходзіць імгненна і няма ніякага сэнсу набываць папяровую версію, хіба што толькі, каб пачытаць аналітыку. Дайшло да таго, што некаторыя інфармацыйныя рэсурсы увогуле не маюць архіўнай часткі, напрыклад, сайт Meduza, дзе толькі актуальнае.

Час змяніўся не толькі для навін але і для ўсёй мастацкай прасторы. Які музычны твор быў хітом 3 гады таму? — “Somebody That I Used To Know”ад Gotye, але не паспеў ён адужэць, як першае месца ў чарце заняла іншая кампазіцыя. У такой сітуацыі поспех рэтра-праектаў кшталту “хітоў 80-х і 90-х”, калі народ настальгуе па былому, немагчымы, бо сумуюць па нечым грунтоўным а не мімалётным. Добры каньяк не адзін год спее ў бочцы, так і твор патрабуе часу, каб зразумець, адшукаць у ім патаемны сэнс і ўрэшце атрымаць асалоду. Незаўважна закон штогадовага памнажэння тактавай частаты кампутарных працэсараў перакінуўся на сферу мастацтва. Ці ператвараецца колькасць у якасць, кожны адкажа сам. Дастаткова прыгадаць, напрыклад, у сучаснай беларускай літаратуры, якія сутнасныя рэчы з’явіліся, творы каго былі перакладзены і выдадзены за мяжой, каго хочацца перачытваць. Можа проста не ўбычылі ў гэтым натоўпе сапраўдны шэдэўр, крочылі побач і новых “Людзей на балоце” не заўважылі?

Поўныя паліцы кнігарняў нічога не тлумачаць. Што на іх: працэс дзеля працэсу, творы цікавыя выключна блізкаму колу аўтара ці нешта іншае — цяжка зразумець гэтаксама як і паняцце “моўная дыскрымінацыю пісьменніка”. Не пытанне стану мовы ў грамадстве, а менавіта дыскрымінацыя ў дачыненні да літаратараў. Недарэчны прэс-рэліз Пэн-цэнтру быццам абудзіў літаратурную супольнасць. Стала зразумела, што гэта і ёсць галоўная праблема сучаснай беларускай літаратуры. Нібы нехта прымушае ўсіх друкаваць тэксты на ўндэрвудах без літары “ў” ці забараняе дома размаўляць на роднай мове. Пры сучасных магчымасцях, нічога не можа перашкодзіць пісьменніку пісаць і нават друкаваць свае творы. Не атрымліваецца на паперы, ёсць інтэрнет і буйныя крамы ад Google і Apple, дзе аўдыторыя складае некалькі мільярдаў. Вядомы расейскі літаратар Акунін прадае больш электроных кніг чым асобнікаў, выдадзеных на паперы. Пісьменнікі мінулых стагоддзяў, мабыць, плачуць з таго, праз што вымушаны праходзіць іх сучасныя беларускія нашчадкі. У параўнанні з іншым творчымі галінамі, дзе задзейнічана маса людзей, абсталявання, тэхналогій, пляцовак ды звычайных грошай, літаратары — вольныя людзі неабмежаваных магчымасцей. З боку ж увесь гэты канфлікт выглядае прыкра, нібы сварка за права адных на прыгнёт астатніх. Талент і сілы марнуюцца ў барацьбе не за чытача, а выключна за прэміі. І калі ужо адбываецца дыскрымінацыя, то гэта дыскрымінацыя часу і магчымасцяў недасягальных для продкаў.

Як нам абяцаюць, гадзіннік ад Apple працуе без зарадкі 2 дні, колькі “трымае за жывое” сучасная беларуская літаратура — пытанне адкрытае і залежыць, выключна ад творцы. А тое, з’яўляецца апошні членам Пэн-цэнтра ці не, ніяк не паўплывае на тое, ці будзем мы чытаць яго творы праз наш залаты Vyshyvanka Watch.

Андрэй Дзмітранок